У суботу 16 лютага ў Росіцы ўзгадвалі 76-гадавіну спалення фашысцкімі захопнікамі мірных жыхароў вёскі, у тым ліку благаслаўлёных мучанікоў ксяндзоў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча. У гэтае асаблівае месца нашай дыяцэзіі накіраваліся і вернікі нашай парафіі.
Святую Імшу ўзначаліў пастыр дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Гамілію да прысутных прамовіў кс. Міхал Цвячкоўскі МІС, пробашч парафіі ў Жодзіна. Святар разважаў над справай выбару ў жыцці чалавека: дабро ці зло ‒ кожны вырашае сам, але варта памятацца пра наступствы выбару і сваіх учынкаў. 
 
«Гісторыя паказвае, што лепшага жыцця без Бога не бывае: такое жыццё заўсёды вядзе да трагедыі, ‒ прыводзіць словы святара сайт Catholic.by.‒Верачы ў Бога Айца, благаслаўлёныя росіцкія мучанікі перадусім захавалі жывую веру і вернасць запаведзям, і гэта самы вялікі скарб — скарб даверу Богу, што жыццё ў гэтым свеце не заканчваецца. Гэтай верай яны ўмацоўвалі тых, хто пайшоў на смерць».
 
Пасля Імшы вернікі ў працэсіі накіраваліся на месца спалення росіцкіх жыхароў. Завершылася прабыванне ў Росіцы смачным гарачым абедам ад мясцовай парафіі.
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Аляксей Жылевіч