9 лютага ў Баранавічах адбыўся музычны фестываль «Дастукацца да нябёсаў». Паслухаць выступы можна было і дзякуючы інтэрнэт-трансляцыі канцэрта, аднак група моладзі з нашай парафіі не пабаялася шляху ў 800 кіламетраў і разам з сястрой Ганнай Мізавец вырашыла непасрэдна далучыцца да гэтай малітвы спевам.
Фестываль прайшоў ужо ў восьмы раз, сабраўшы на адной сцэне гурты розных хрысціянскіх канфесій. Яго ідэя ‒ у магчымасці малітвы праслаўлення для моладзі. 
На пачатку вечарыны усіх прысутных благаславіў пастыр Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям'янка. Затым на працягу больш за чатырох гадзін для прысутных выступалі гурты «Talitha Kum», «AVE», евангелізацыйны музычны праект «OPEN», «The Crossway», гурт ХДН і «Rybyproject».
 
«У гэтым годзе я ўпершыню пабывала на такім маштабным фестывалі хрысціянскай музыкі як #DDN, ‒ падялілася ўражаннямі наша парафіянка Эліна Пажарская. ‒ Сказаць, што мне спадабалася, ‒ гэта не сказаць нічога. Кожная група мела сваю харызму, свой настрой і атмасферу, але ўсіх іх аб’ядноўвала вера і Божая любоў, якая панавала на працягу ўсяго фестывалю ў кожным прысутным. Знаходзячыся там, ты проста забываеш пра свае праблемы, справы і проста спяваеш, танцуеш, молішся і праслаўляеш Бога. Кожная песня, кожная нота, кожны гук маюць свой пасыл, над якім варта задумацца. Спадзяюся, што такога роду фестываль будзе квітнець і жыць у наш час».
«Гледзячы на экран, на якім паказвалі ўсю залу, я разумела, што мы ўсе сабраліся ў адным месцы для таго, каб праславіць Бога спевам, ‒ заўважыла браслаўчанка Ксенія Шпак. ‒ Усе падпявалі любімыя песні, падтрымлівалі артыстаў, сустракалі старых сяброў і заводзілі новыя знаёмствы. Арганізатары зрабілі ўсё на вышэйшым узроўні. Успаміны пра гэта фестываль застануцца ў маім сэрцы назаўсёды. Дзякуй Богу за магчымасць пабываць там». 
 
Пасля завяршэння канцэрта арганізатары збіралі ахвяраванні на ўтрыманне транспарту для выхаванцаў «Дзіцячай вёскі» у Гомелі – інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. А значыць мерапрыемства вучыла не толькі праслаўленню Бога, але і любові да сваіх бліжніх. 
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч
Фота сястры Ганны Мізавец SJE