11 лютага, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрд, адзначаецца Сусветны дзень хворых. Устанавіў яго ў 1992 годзе ўжо святы Ян Павел ІІ і штогод Рымскія Папы накіроўваюць на гэты дзень сваё пасланне. Прапануем азнаёміцца з тэкстам паслання Папы Францішка на ўжо XXVII Сусветны дзень хворых.
 
«Задарма атрымалі, задарма давайце» (Мц 10,8), ‒ словы Хрыста з Евангелля святога Мацвея сталі загалоўкам паслання Папы на XXVII Сусветны дзень хворых. Жэсты шчодрага дару, па прыкладзе добрага самараніна, ‒ гэта самы надзейны спосаб евангелізацыі па словах Папы. Ён нагадаў, што апека над хворымі патрабуе прафесіяналізму, адчувальнасці, бескарыслівасці, непасрэднасці і прастаты.
 
«Сутыкаючыся з культурай непрымання і абыякавасці, я хацеў бы падкрэсліць, што дар варта разглядаць у якасці парадыгмы, здольнай супрацьстаяць індывідуалізму і сучаснай сацыяльнай фрагментацыі, каб ініцыяваць новыя віды сувязі і розныя формы чалавечага супрацоўніцтва паміж народамі і культурамі», ‒ напісаў Святы Айцец.
 
У той жа час Папа звярнуў увагу на тое, што дарэнне не атаясамліваецца выключна з даваннем. «Яно не можа быць зведзена да простай перадачы ўласнасці або нейкага прадмету. Адрозніваецца ад давання менавіта таму, што ўтрымлівае самаахвярнасць і намер стварыць сувязь», ‒ патлумачыў Пантыфік.
 
Францішак заўважыў, што па сваёй сутнасці кожны чалавек з’яўляецца бедным. «На любым этапе і на любой стадыі жыцця, ніхто з нас не можа цалкам вызваліцца ад патрэб і дапамогі іншых. Сумленнае прызнанне гэтай ісціны дапамагае нам заставацца сціплымі і мужна практыкаваць салідарнасць, як неабходную для існавання цноту», ‒ адзначыў ён. Пантыфік дадаў, што мы ўласнымі сіламі не ў стане пераадолець любыя абмежаванні.
 
Галоўныя мерапрыемствы Сусветнага дня хворых сёлета пройдуць у індыйскай Калькуце. Узгадваючы гэта, Францішак узгадаў прыклад Маці Тэрэзы, якая, «дапамагае нам зразумець, што адзіным крытэрыем дзеяння павінна быць бескарыслівая любоў да ўсіх».
 
Папа адзначыў важнасць працы валанцёраў, «што мае вялікае значэнне ў сацыяльна-медыцынскім сектары»; яны дэманструюць жыццё паводле духоўнасці Міласэрнага самараніна.
 
«Дзякую і падтрымліваю ўсе валанцёрскія асацыяцыі, якія займаюцца перавозкай і ратаваннем пацыентаў, забяспечваюць донарства крыві, тканак і органаў», ‒ напісаў Папа.
 
«Заклікаю ўсіх, на кожным узроўні, садзейнічаць развіццю культуры шчодрасці і дару, якая з’яўляецца неабходнай умовай для пераадолення культуры прыбытку і непрымання. Каталіцкія ўстановы аховы здароўя не павінны патрапіць у пастку простага бізнэс-мыслення; яны павінны клапаціцца больш пра дапамогу чалавеку, чым пра прыбытак», ‒ напісаў Францішак.
 
Папа даручыў усіх адрасатаў паслання Маці Божай, якая вучыць даваць з шчодрым сэрцам і спазнаваць радасць бескарыслівага служэння.
 
Паводле