26 студзеня ў Мінску адбылася малітоўная сустрэча ўдзельнікаў і кіраўнікоў парафіяльных груп руху «Маці ў малітве» ў Беларусі. Удзел прынялі 110 асоб з усіх дыяцэзій нашай краіны, у тым ліку кіраўнікі груп Паліна Парфяновіч і Любоў Бурлевіч з Браслава.
 
Сустрэча ў Мінску прайшла ў межах трох малітоўных дзён, якія праводзяцца чатыры разы на год. У першы дзень, 25 студзеня, удзельніцы руху «Маці ў малітве» ва ўсім свеце маліліся ў інтэнцыі перапрашэння за ўласныя грахі, просячы Бога паказаць, што ім неабходна змяніць у сабе. Другі дзень, 26 студзеня, быў прысвечаны малітве за тых, чые дзеянні нейкім чынам уплываюць на дзяцей праз наркотыкі, парнаграфію, сродкі камунікацыі, няправільнае выхаванне, інтэрнэт, музыку і г.д. Трэці дзень быў напоўнены радасным праслаўленнем Бога з падзякаю за ўсе Яго дары і ласкі.
 
Святую Імшу для прысутных цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў, што невыпадкова сустрэча «Маці ў малітве» адбываецца ў дзень літургічнага ўспаміну святых біскупаў Цімафея і Ціта. У чытанні з паслання да першага Цімафея святы апостал Павел піша, што гэты руплівы пастыр пераняў сваю веру ад маці і бабулі. 
 
«Малітва маці мае вялікую моц, — адзначыў біскуп. — Нават калі не адразу ўсё ў жыцці змяняецца, аднак з часам малітва маці дакладна прынясе вялізны духоўны плён».
Сустрэча ўключала ў сябе таксама іншыя набажэнствы, прадстаўленне груп і дзяленне аплаткай.
 
У нашай парафіі рух існуе з 2002 года і сёння налічвае тры малітоўныя групы. Сустракаюцца маці на малітве па аўторках і серадах пасля Імшы на 19.00, а таксама пасля нядзельнай Імшы а 15-й гадзіне (адзін раз на тыдзень, каму калі зручна). Далучыцца могуць усе жадаючыя маці. 
 
Рух «Маці ў малітве» існуе з 1995 года і распаўсюджаны ў многіх краінах свету. Яго дэвіз — «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Мэта руху — усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
паводле матэрыялу catholic.by
Фота: Паліна Парфяновіч