12 студзеня адбылася аднадзённая пілігрымка нашых парафіян у Вільню. Гэта быў апошні дзень літургічнага перыяду Божага Нараджэння, таму пілігрымы вырушылі з Браслава пад калядны спеў “Зорка бэтлеемска”. Выязджалі а 5-й гадзіне, і словы рэфрэну “не спі -- абудзіся” былі вельмі дарэчы.
 
Вільню называюць Горадам Міласэрнасці, і мы распачалі сваю пілігрымку Святой Імшой у Вастрабрамскай капліцы, перад цудоўным абразам Маці Божай Міласэрнасці. Потым наведалі праваслаўную царкву Святога Духа, дзе знаходзяцца рэліквіі першых мучанікаў Літвы, паглядзелі памятныя шыльды ў базыльянскім кляшторным комплексе. Менавіта тут калісьці працаваў святы Язафат Кунцэвіч, пазней былі зняволеныя ў турме Ігнат Дамейка і Адам Міцкевіч, а яшчэ пазней вучыліся ў першай беларускай гімназіі Максім Гарэцкі і Наталля Арсеннева. Бачылі мы таксама друкарню Францішка Скарыны і былы кляштар дамініканцаў, з якога царскія ўлады зрабілі вязніцу і адкуль Кастусь Каліноўскі пісаў свае “Лісты з-пад шыбеніцы”. 
 
Санктуарый Божай Міласэрнасці быў другім значным пунктам нашай пілігрымкі. Тут з 2005 года знаходзіцца арыгінальны абраз “Езу, давяраю Табе”, намаляваны Яўгенам Казіміроўскім у 1934 годзе паводле апісання святой Фаўстыны, і трывае няспынная Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнта. Невялікая святыня прыцягвае людзей з усяго свету. Тут цёпла і ўтульна, а Вялікая Гостыя на алтары, здаецца, запрашае затрымацца даўжэй, адпачыць ад мітусні і клопатаў, набрацца сіл: “Ідзіце да Мяне ўсе, што працуеце і стаміліся пад цяжарам, і Я дадам вам сілы” (Мц 11,28). 
Святая Фаўстына двойчы была ў Вільні: у 1929-м і ў 1933-1936 гадах.  Захаваўся будынак кляштару, дзе жыла святая, і, канешне, мы не маглі яго абмінуць.  У гэтым месцы Езус падыктаваў Фаўстыне малітву, якую побач з “Ойча наш” і Ружанцам ведае кожны католік. Сёстры жылі па дзве ў пакоі, і на “палове” сястры Фаўстыны, перад яе рэліквіямі і рэліквіямі ксяндза Міхала Сапоцькі мы памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці. 
 
На жаль, не паспелі наведаць дом, дзе жылі кс. Сапоцька і Яўген Казіміроўскі. Цяпер у гэтым будынку кляштар Сясцёр Езуса Міласэрнага і хоспіс для анкалагічных хворых. Але тое, што паспелі ўбачыць і пачуць, напоўніла нашы сэрцы ўдзячнасцю да Бога, Якога міласэрнасць не мае межаў. І гэта мы зразумелі, калі позна ноччу вяртаючыся ў Браслаў, вельмі хутка перакрочылі беларуска-літоўскую мяжу.
 
С. Іна Амельчанка SJE
Фота: Марына Бялусь, Ганна Апанчонак