Мы наблізіліся да чарговага літургічнага перыяду – Вялікага посту. Ён ужо зусім блізка, амаль на парозе. Гэты час павінен дапамагчы нам у падрыхтоўцы да перажывання велікоднага Трыдуума і Нядзелі Уваскрасення Хрыста. Што мы можам зрабіць, каб акрэслены перыяд меў для нас найбольшую карысць?
Паспавядацца
 
Каб добра перажыць Вялікі пост, трэба на самым яго пачатку навесці парадак у жыцці. Нішто не спрыяе гэтаму так, як споведзь. Добры рахунак сумлення, які дазваляе ўбачыць, штó трэба адкінуць, і прыняцце міласэрнай любові Бога, – вось трывалы фундамент для далейшай будоўлі. Варта скарыстаць сакрамэнт пакаяння яшчэ да таго, як схіліш галаву для абраду пасыпання попелам.
 
Зрабіць пастанову
 
Вось мая маленькая парада. Калі вырашыш чагосьці не рабіць, ад нечага адмовіцца, зрабі разам з гэтым дадатковую пастанову: запоўніць вызваленае месца пэўным дабром. Банальны прыклад: калі на сорак дзён адмаўляешся ад прысмакаў, чаму б не дадаць да гэтага адрачэння пастанову кожны дзень спажываць фрукты? Не пакідай у сэрцы пустак. “Перамагай зло дабром” (Рым 12,21).
 
Браць удзел у набажэнствах
 
Падчас Адвэнту ў нас ёсць Рараты, падчас Вялікага посту – набажэнства Крыжовага шляху і Песні жальбы. Таму, калі хочаш глыбей перажыць час навяртання, выраўняць сцежкі для Пана, я настойліва заахвочваю ўдзельнічаць у гэтых набажэнствах. Асабліва Крыжовы шлях можа стаць часам, калі адкрыеш, якой вялікай любоўю цябе адорвае Бог.
 
Малітва, пост, міласціна
 
Тры слупы Вялікага посту. Малітва і міласціна, напэўна, не патрабуюць асаблівых каментарыяў. Пытанні звычайна выклікае пост. Навошта і як пасціць? У мяне склалася ўражанне, што ўстрыманне ад мясных страў сёння ўжо не ўспрымаецца як пост. У эпоху ўсё больш шыкоўных немясных страў адмаўленне ад мяса не вымагае ніякай ахвяры. Насамрэч, пост існуе для таго, каб зазнаць голад або, у больш шырокім сэнсе, пэўны недахоп. Постам можа быць, напрыклад, адмова ад інтэрнэту ці адключэнне тэлефона ў пятніцу. Важна адчуць пэўную пустэчу, бо толькі тады можам запрасіць у гэтае месца Хрыста.
 
Не хвалюйся
 
Калі штосьці не атрымаецца, калі раптам парушыш сваё пастанаўленне, памятай, што мэтай не з’яўляецца “40 дзён без...”. Не. Мэта ў тым, каб перажыць смерць і Уваскрасенне Езуса Хрыста. Калі нешта перашкаджае дасягнуць гэтай мэты – пазбаўся гэтага “нечага”, адмоўся ад яго. Перагледзь свае пастановы. Памаліся, паразважай над тым, што табе сапраўды патрэбна. Калі будзеш перажываць Вялікі пост у напружанасці, думаючы толькі пра тое, калі нарэшце зможаш з’есці прысмакі і выпіць колу, тады лепш зрабі гэта ўжо цяпер. Не чакай Вялікадня.
 
Вялікі Пост – гэта шлях, які павінен прывесці да пустой магілы, каб, убачыўшы адсунуты камень і згорнутыя палотны, якія ляжаць унутры пячоры, мы здзівіліся і паверылі, што Пан уваскрос. Ніхто не забраў Яго цела, не перанёс у іншую магілу. Хрыстус перамог смерць. Мы павінны абвяшчаць гэтую праўду на дахах. Гэта керыгма (абвяшчэнне Добрай Весткі), пра якую мы павінны сведчыць сваім жыццём.
 
Кс. Станіслаў Мжыглуд SDS