Нядзеляй Мукі Пана распачаўся Вялікі тыдзень. Нядзельныя літургіі пачыналіся з асвячэння галін вербаў і пальмаў і чытання ўрыўку з Евангелля пра ўрачысты ўезд Езуса Хрыста ў Ерузалем.
 
«Сёння вясёла спяваем Гасанна, а ў пятніцу будзем адчайвацца. Так, як у жыцці: то смяёмся, то прыходзіць час плакаць, — казаў у гаміліі пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд. —  Сёння распачынаем Вялікі тыдзень, і сапраўды нам неабходна зрабіць усё, каб мы маглі назваць яго Вялікім тыднем у нашым жыцці. Дарагія браты і сёстры, не патрэбна ніякіх захапляльных дзеянняў, можа, хопіць змяніць штосьці ў пэўнай вобласці майго жыцця, у пэўнай, але, можа быць вельмі цяжкай для маёй сям'і, маіх супрацоўнікаў, маіх суседзяў?!.»
 
Пробашч распавёў, што крыжовы шлях Хрыста працягваецца і ў ХХІ стагоддзі: на сённшні дзень амаль у 80 краінах свету пераследуюць вызнаўцаў Хрыста. У некаторых краінах і сёння хрысціянаў прыбіваюць да крыжа. 
 
«Нам жа неабходна змагацца толькі (а, можа, ажно) са сваімі слабасцямі і грахамі, — адзначыў святар. — Будзем жа чуваць, каб нашыя вербы не ператварыліся ў бізуны, што бічуюць Хрыста». 
 
Фота Ірыны Гайдамовіч