Пальмовай (Вербнай) нядзеляй распачынаецца ў Каталіцкім Касцёле Вялікі тыдзень. У гэты дзень у літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання.
Па традыцыі, на пачатку літургіі Пальмовай нядзелі чытаецца Евангелле пра трыумфальны ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, пасля чаго святар благаслаўляе галінкі вербаў і пальмаў, а потым адбываецца ўрачыстая працэсія. 
На літургію святары апранаюцца ў літургічнае адзенне чырвонага колеру. У гэты дзень падчас святой Імшы чытаецца з падзелам на ролі апісанне Мукі Хрыста. Таму другая назва Пальмовай нядзелі — нядзеля Мукі Пана. Нягледзячы на гэта, урачыстасць мае адначасова радасны характар, бо з яе пачынаецца літургічны ўспамін падзей, у якіх здзейснілася збаўленне свету.
Падчас святой Імшы на 11 гадзін ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд SDS заахвоціў шматлікіх прысутных вернікаў паклапаціцца пра тое, каб «гэты святы тыдзень, які перад намі, стаў часам роздуму, аналізу і часам, калі мы паглядзім на сваё жыццё праз прызму ахвяры Крыжа, ахвяры, якая перамагае ўсялякую несправядлівасць». 
«Неабходна паклапаціцца, каб у нашых дамах прыйсце Хрыста ўваскрослага было вельмі добра перажыта праз добрую споведзь, удзел у Святым Пасхальным Трыдууме і захаванне атмасферы любові. Няхай ніхто з нас не зробіць такой памылкі, якую здзейснілі людзі Ерузалема, калі спачатку віталі Езуса як караля, а потым выдалі Яго на смерць. Таму заахвочваю вас усіх адкрыць свае сэрцы на падзеі, якія будзем перажываць на гэтым тыдні», ‒ падкрэсліў ксёндз Станіслаў. 
 
Святлана Жылевіч
фота: Ірына Гайдамовіч
У матэрыяле выкарыстана інфармацыя з парталу Catholic.by