З 16 па 18 сакавіка ў нашай парафіі праходзілі велікапосныя рэкалекцыі. Гэта час асабліва насычаны на духоўныя разважанні, якія даюць магчымасць кожнаму верніку больш глыбока падрыхтавацца да Вялікадня і паразважаць над станам сваёй веры, адносінаў да Бога і людзей.
Менавіта тэме любові да Бога і бліжняга былі прысвечаны пропаведзі ксяндза рэкалекцыяніста Андрэя Куліка. Святар заахвочваў кожнага шукаць прычыны праблем у сабе і няспынна развівацца духоўна. Як казаў святы Ян Павел ІІ, патрабаваць ад сябе нават тады, калі ніхто не патрабуе. 
Трэці дзень разважанняў быў прысвечаны праблеме абыякавасці, якая можа датычыць як стаўлення да працы, так і адносінаў з іншымі людзьмі і з Богам. Гэта вельмі небяспечны стан у адносінах да Бога, таму што ў ім «чалавек сам сябе асуджае, бо не паверыў у Адзінароднага Сына Божага». 
«Не верыць у Хрыста ‒ значыць не верыць ва ўсе справы Вялікага тыдня і Трыдуума. Не верыць, што мне патрэбна Хрыстова мука, Яго смерць і ўваскрасенне (…). І калі чалавек не хоча з усяго гэтага карыстацца, ён сам сябе асуджае», ‒ патлумачыў ксёндз Андрэй.
«Дарагія, кожнаму з нас пагражае спакуса абыякавасці. На сваім месцы, дзе ўжо 20 гадоў робіш адно і тое ж, і гэтак далей. Але з таго моманту, як перастанеш ад сябе патрабаваць і ставіць перад сабой новыя мэты, спынішся ў развіцці і пачнеш дэградзіраваць, чаго мы сабе, як хрысціяне, дазволіць не можам», ‒ дадаў рэкалекцыяніст.
У дні рэкалекцый ксёндз Андрэй Кулік правёў таксама сустрэчы для моладзі і дзяцей, сустрэўся з хворымі ў бальнічнай капліцы.
Ад імя ўсіх парафіянаў шчыра дзякуем ксяндзу Андрэю Куліку за паслугу ў нашай парафіі, за яго шчырыя словы навучання і заахвочвання. 
 
Святлана Жылевіч