“Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў вашых, і атрымаеце дар Духа Святога” (Дз 2, 38), − над трыма аспектамі дадзенай парады апостала Пятра разважалі і вернікі нашай парафіі падчас велікапосных рэкалекцый. Павучаў і накіроўваў у гэтым кс. Аляксандр Жарнасек МІС.
Святар адзначыў, што калі мы каемся, то сустракаемся з Міласэрным Айцом, а калі не – то са справядлівым. Варта зразумець, што грэх − гэта прысутнасць дэмана, і Бог не карае за грэх, але сам грэх карае. Мой грэх – маё пракляцце, таму важна ведаць свой грэх, каб выракацца яго. 
 
Ахрысціцца ў імя Езуса – не азначае толькі фізічнага прыняцця сакрамэнту хросту. Але перш за ўсё – пагружэнне ў вучэнне Бога. Неабходна чытаць Біблію, каб ведаць, што нам кажа Бог і пазбягаць грахоў ідалапаклонства (праз веру ў талісманы, абярэгі, забабоны, наданне празмернай значнасці жэстам, абрадам). 
 
І толькі прайшоўшы гэтыя два крокі, можна атрымаць дары Духа Святога, якія могуць цалкам змяніць жыццё, зрабіць нас мужнымі вызнаўцамі Хрыста. Не быць часткай талпы, але вучнем Хрыста. 
 
Праз вялікую колькасць жыццёвых прыкладаў кс. Аляксандр тлумачыў і паказваў вернікам, як паглыбіцца ў Хрысце, яго навуцы, як не абражаць і не адкідваць Бога. 
 
У межах рэкалекцый прайшлі таксама сустрэчы святара з бацькамі, моладдзю і дзецьмі. 
 
Завяршыўся час рэкалекцый ў Пальмовую нядзелю, калі пачынаем перажываць цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры — смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. У гэты дзень на ўспамін уваходу Хрыста ў Ерузалем былі асвечаны галінкі вербаў і адбылася працэсія з уваходам у святыню. 
Святлана Жылевіч
Фота Ірына Гайдамовіч