З 29 па 31 сакавіка ў нашай парафіі праходзілі велікапосныя рэкалекцыі. Гэтыя некалькі дзён духоўных разважанняў з’яўляюцца добрай традыцыяй Вялікага посту і плённай падрыхтоўкай да перажывання ўрачыстасці Уваскрасення Пана. Рэкалекцыі праводзіў а. Валерый Мазюк, рэдэмптарыст з Гродна.
 
У гэтыя дні святар звярнуўся з навукай да ўсіх парафіянаў: да дзетак, дарослых, хворых і састарэлых, сустрэўся з моладдзю і ўдзяліў сакрамэнт намашчэння хворых.
 
Звяртаючыся да хворых і састарэлых людзей, айцец Валерый заахвоціў іх ахвяраваць свае цярпенні, сваю хваробы і старасць Богу. Бо толькі ў Ім пакуты маюць сэнс. Святар нагадаў, что чалавек пакутуе, калі любіць, калі слухае Бога (бо робім, не так і не то, што ўсе), але і калі сам вінаваты ў хваробе. Многія ж цярпенні ад чалавека не залежаць. І ў гэтым вялікая таямніца. Але Бог жадае чалавеку толькі дабра і шчасця, ніколі не карае яго.
 
Адвярнуцца ад зла, павярнуцца да Хрыста – пра гэта казаў святар, даручыць сваё жыццё Богу, не здраджваць Яму. А здрадзіць Богу чалавек можа праз варажбу, веру ў забабоны, магію – праз тое, што выбірае сабе іншага Бога. А як Біблія кажа: можна служыць толькі аднаму гаспадару. Калі ж мы верым ў забабоны, гараскопы, ходзім да шаптух, то абражаем Хрыста, адварочваемся ад Яго. Але Бог заўсёды чакае чалавека з распасцёртымі рукамі, як свайго сына і дачку. Апостал Пётр таксама здрадзіў Хрыста, але раскаяўся і са слязьмі на вачах прасіў прабачэння. І гэтым ён адрозніваўся ад Юды. Трэба ніколі не баяцца прызнаць свае грахі і прыйсці да Бога з перапрашэннем.
 
Такім асаблівым часам прызнання сваіх слабасцяў і часам навяртання з’яўляюцца рэкалекцый і ўвесь Вялікі пост. Але і ў кожны дзень варта знаходзіць час на сустрэчу з Богам і іншым чалавекам, на разважанне над сваім жыццём, чытанне Бібліі.
 
Шчыра дзякуем а. Валерыю за рэкалекцыйную навуку і жадаем усім плённага, радаснага перажывання ўрачыстасці Уваскрасення Пана!
 
тэкст: Святлана Жылевіч
фота: Ірына Гайдамовіч