Песні жальбы — набажэнства, створанае на падабенства святарскай малітвы (Брэвіярыя). Песні жальбы ўзніклі ў Польшчы на пачатку ХVІІІ ст. (1707 г.). Першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. У хуткім часе гэтае набажэнства стала адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на нашай  зямлі. У гэтых спевах – гімнах і песнях – разважанне пра Муку Хрыста і Яго адкупленчую смерць. Гэтае разважанне заахвочвае нас да глыбокага пакаяння і асэнсавання Ахвяры Збаўцы, а таксама да жалю за грахі, якія з’яўляюцца прычынай цяжкіх цярпенняў Хрыста. Разважанне Мукаў Хрыста ў Песнях жальбы спрыяе духу пакаяння, а перадусім мае на мэце служыць нашаму навяртанню. Яно складаецца з трох частак, элементамі якога з’яўляюцца «Натхненне» і тры малітвы. Кожная частка мае сваю ўласную мелодыю. З нагоды гэтага набажэнства часта прамаўляюцца спецыяльныя казанні — пасійныя пропаведзі (пра Муку Пана).
 
 
 
Натхненне
1. Песні жальбы заспявайце! *
    Сэрцы болем напаўняйце,
    сэрцы болем напаўняйце!
2.  Вочы, плачце, як крыніцы, *
     дайце горкіх слёз напіцца (х 2).
3.  Нават сонца, месяц, зоры *
    сумна свецяць, нібы ў горы (х 2).
4.  Поўніць неба плач Анёлаў, *
    ўжо мінуў іх час вясёлы (х 2).
5.  Крышацца са страху скалы, - *
    мёртвыя з магіл паўсталі (х 2).
6. Хто жальбу сваю ўстрымае: *
    цэлы свет нібы канае (х 2).
7. Крыж Хрыстовы і кананне *
    душы вострым болем раняць (х 2).
8. Моцай, ласкай, сілай ранаў *
    знішчы злосць сэрц нашых, Пане (х 2).
9. Вось грэх мой перад Табою, *
    змый яго святой Крывёю (х 2).
10. У бяздонні мукаў Пана *
    я з правін сваіх паўстану (х 2).
 
Першая частка
3 дапамогаю Божай ласкі пачынаем разважанне над  Мукаю нашага Пана Езуса Хрыста. Ахвяруем яго  нябеснаму Айцу на праслаўленне і хвалу Ягонай Боскай велічы, пакорна дзякуючы за вялікую і надзвычайную любоў да чалавецтва, за тое, што спаслаў свайго Сына, каб цярпеў за нас жахлівыя  пакуты і прыняў смерць на крыжы. Гэтае разважанне ахвяруем таксама дзеля ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Балеснай Божага Сына, а таксама на ўшанаванне св. Юзафа і тых святых, якія вызначаліся асаблівым набажэнствам да Мукі Хрыста.
У першай частцы  будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў у час ад малітвы ў Садзе Аліўным ажно да несправядлівага абвінавачвання перад судом. Гэтыя знявагі Пана, які іх сам за нас цярпеў, будзем ахвяраваць, просячы  за святы Каталіцкі  Касцёл, за Святога Айца і за ўсё духавенства, а таксама за непрыяцеляў Хрыстовага крыжа і ўсіх няверных, каб Пан Бог даў ім ласку навяртання.
 
Гімн
1. Жаль невыносны сэрца працінае, *
    Езус мой любы келіх свой прымае; *
    кленчыць у садзе, льецца пот крывавы - *  
    Бог моцы, хвалы.
2. Пана святога вучань злы цалуе, *
    войска цяжкія ланцугі рыхтуе. *
    Без супраціву Езус іх прымае, *
    нас выбаўляе.
3. Б'е і штурхае люд свайго Прарока, *
    злосць і нянавісць,
    гнеў на кожным кроку. *
    Церпіць пакорна Бога Сын Адзіны, *
    чысты, нявінны.
4. Кроў запяклася, вусны пасінелі, *
    рукі ад цяжкіх ланцугоў змярцвелі. *
    Білі заўзята ледзь жывога Пана *
    ўсю ноч да рана.
5. Езу, мой Пане, дай дар пакаяння, *
    дай мне, Езусе, ласку навяртання. *
    Нашы правіны змыем мы слязамі, *
    зжалься над намі.
 
Плач душы над пакутамі Езуса
1. Езу, на жахлівыя мукі, *
    нібы ягня, Ты ў путы звязаны, *
    Езу, мілы Пане.
2. Езу, пацалункам здрадлівым *
    быў Ты праданы, *
    Езу, мілы Пане.
3. Езу, перад смерцю ў садзе *
   з неба прасіў ад Айца злітавання, *
   Езу, мілы Пане.
4. Езу, на малітве ў самоце *
    кроў заміж поту цякла струмянямі, *
    Езу, мілы Пане.
5. Езу, пацалунак ад Юды *
    Ты прыняў, не спаслаў пакарання, *
    Езу, мілы Пане.
6. Езу, ланцугамі цяжкімі *
    Ты, нібы злодзей, быў ноччу звязаны,*
     Езу, мілы Пане.
7. Езу, прад суддзёю, нявінны, *
    злоснымі кпінамі быў зняважаны, *
    Езу, мілы Пане.
8. Езу, да Каяфы жаўнеры *
    вывелі ў путах Цябе на світанні, *
    Езу, мілы Пане.
9. Езу, злой рукою па твары *
    быў моцна біты за праўды вызнанне, *
    Езу, мілы Пане.
10. Езу, праз ілжывых двух сведкаў *
     падбухторшчыкам люду
     быў Ты названы, * Езу, мілы Пане.
 
     Хвала, пашана нашаму Пану * за ўсе
    знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні,
    за ўсе мучэнні, * за наша збаўленне.
 
Размова душы з Маці Балеснай
1.  Ах, я, Маці, ледзь трываю! *
    Смутак сэрца мне сціскае. *
    Раніць сэрца востры меч (х 2).
2.  О Марыя, што з Табою? *
    Так прыгнечана бядою, *
    бачу я Цябе ў слязах (х 2).
3.  Што пытаеш? Боль ліхая, *
    мае сілы забірае, *
    сэрца кроў мне заліла (х 2).
4. Маці Чыстая, Святая, *
    бачу, што Ты ледзь жывая, *
    боль замгліў Твой ясны твар (х 2).
5.  Сын мой любы, Сын Адзіны, *
    змучаны, крывёй заліты, *
    цяжка ўжо Яго пазнаць (х 2).
6.  Маці ласкі і любові, *
    буду плакаць я з Табою, *
    боль хачу дзяліць з Табой (х 2).
 
Напрыканцы кожнай часткі спяваем:
    Які за нас цярпеў ад ранаў, * Езу
    Хрыстэ, * змілуйся над намі.
 
Другая частка
           
Натхненне
 
Песні жальбы заспявайце...
 
У другой частцы разважанняў над Мукаю Пана будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў ад несправядлівага прысуду ажно да ўкаранавання цернем. Гэтыя раны і знявагі ахвяруем Пану, просячы супакою для нашай Бацькаўшчыны, згоды паміж народамі, а для нас саміх - праачэнне грахоў, паратунку ад зямных няшчасцяў, а асабліва ад пажару, голаду, вайны і заразы.
 
Гімн
1. Грэшнікі, гляньце на пакуты Пана, *
    за грэх ваш цяжкі ён прымае раны. *
    Не лютасць катаў раніць Пана болем *
    а злая воля.
2. Створцу сусвету  судзяць людзі злосна, *
    б'юць, чыняць кпіны, абражаюць моцна. *
    Вуснаў збалелых Пан не адкрывае, *
     моўчкі трывае.
3. За грахі свету Езуса бічуюць, *
     грэшным патолю на вякі рыхтуюць. *
    Кроў, што са Збаўцы па слупе сцякае,*
    свет выбаўляе.
4. Свету гардыня венчыць скроні ружай,*
    на голаў Пана лёг вянок калючы. *
    Плашч апранае Езусу для жартаў, *
     злосная варта.
5.  Езу, мой Пане, дай мне пакаянне, *
     каб мне спазнаці шчасце навяртання.*
     Нашы правіны змыем мы слязамі, *
    зжалься над намі.
 
Плач душы над пакутамі Езуса
1. Езу, на судзе супраць праўды, *
    хоць быў нявінны,  злачынцам названы, *
    Езу, мілы Пане.
2.  Езу, ад людзей жорсткіх, лютых, *
     горкую чашу прыняў зневажанняў,*
    Езу, мілы Пане.
3.  Езу, тройчы Пятром у страху *
     нават знаёмым не быў Ты прызнаны, *
    Езу, мілы Пане.
4.  Езу, у Пілата прад людам *
     быў Ты да крыві скатаваны, *
     Езу, мілы Пане.
5.  Езу, з Цябе крыўдна і злосна *
     Ірад смяяўся і кпілі дварчане, *
     Езу, мілы Пане.
6. Езу, ў белай вопратцы здзекі *
     злосных жаўнераў
     цярпеў Ты на світанні, *
     Езу, мілы Пане.
7. Езу, да слупа прывязаны, *
    нелітасціва Ты быў бічаваны, *
    Езу, мілы Пане.
8. Езу, дзеля большага болю *
    цернем калючым укаранаваны, *
    Езу, мглы Пане.
9. Езу, у плашч чырвоны жаўнерамі *
    здзекліва й злосна быў Ты ўбраны, *
    Езу, мілы Пане.
10.Езу, кроў праліў Ты святую, *
     невінаваты, цярпеў пакаранне, *
     Езу, мілы Пане
 
     Хвала, пашана нашаму Пану * за ўсе
     знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні,
     за ўсе мучэнні, * за наша збаўленне.
 
Размова душы з Маці Балеснай
1. Бачу Сына без адзення, *
    кроў з плячэй цячэ струменем. *
    Пад бічамі Сыне мой (х 2).
2. Раны Сына, о Марыя, *
    жыватворныя, Святыя, *
    мне на сэрца пакладзі (х 2).
3. Бачу Сына я ў кароне, *
    церні моцна раняць скроні, *
    кроў сцякае па грудзях (х 2).
4. Маці, бачыш Сына ў муках, *
    Ты не будзь адна ў пакутах, *
    дай і мне спазнаць Твой боль (х 2)
5. Як жа мне, той беднай Маці, *
     Сынаў крыж на плечы ўзяці, *
     каб паднесці з ім хоць крок (х 2).
6. Маці ласкі і любові, *
    буду плакаць я з Табою, *
    боль хачу дзяліць з Табой (х 2).
 
Напрыканцы:
   Які за нас цярпеў ад ранаў, *
   Езу Хрыстэ, *
   змілуйся над намі.
 
Трэцяя частка
 
Натхненне
 
Песні жальбы заспявайце...
 
У гэтай, апошняй частцы будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў ад хвіліны ўкаранавання ажно да цяжкага скону на крыжы. Усе цярпенні, кпіны і крыўды, якія Ён зносіў, ахвяруем за грэшнікаў, каб Збаўца абудзіў іхнія заблуканыя сэрцы і натхніў іх да пакаяння і жыцця ў праўдзе, а таксама будзем маліцца за ўсе душы, якія церпяць у чыстцы, каб літасцівы Езус пагасіў сваёй Крывёю агонь іхніх мукаў. Будзем таксама прасіць Пана, каб Ён і нам у хвіліну нашай смерці даў ласку скрухі за грахі і дапамог вытрываць у надзеі да апошняй хвіліны жыцця на гэтым свеце.
 
Гімн
1. Жорсткае сэрца, ты яшчэ не плачаш, *
    ці ж мукаў Пана страшных Ты не бачыш! *
    Езус Твой любы ўвесь крывёй сцякае,*
    сіл больш не мае.
2. Нас палюбіўшы, сышоў Езус з неба, *
    ды вось на плечы
    крыж прымае з дрэва. *
    Пад ім Ён кленчыць,
    млее, ўстаць не можа *
    добры наш Божа.
3. На крыж кладзецца, ціха церпіць мукі,*
    цвік, нібы джала, прабівае рукі. *
    Па-над зямлёю Збаўцу крыж узносіць, *
    неба галосіць.
4. Дрэва святое, дай нам Збаўцы Цела, *
    каб на табе ўжо болей не вісела. *
    Мы пахаваем Пана ў сумным гробе *
    з плачам ў жалобе.
5. Езу, мой Пане, прагну пакаяння, *
    прагну з надзеяй грахоў даравання. *
    Нашы правіны змыем мы слязамі, *
    зжалься над намі.
6. Богу навекі хай жа будзе хвала *
    за ўсе знявагі - іх сустрэў нямала. *
    За нас цярпеў Ён, Бога Сын Адзіны, *
    Збаўца нявінны.
 
Плач душы над пакутамі Езуса
1. Езу, на судзе ў Пілата *
    з ліхадзеямі быў параўнаны, *
     Езу, мілы Пане.
2. Езу, на Галгоце жахлівай *
    Ты смерць прыняў праз укрыжаванне,*
    Езу, мілы Пане.
3.  Езу, з крыжам цяжкім ішоў Ты, *
     нёс на гару ўсіх грахоў дараванне, *
     Езу, мілы Пане.
4.  Езу, да крыжа на Галгоце *
    быў Ты прыбіты тупымі цвікамі, *
    Езу, мілы Пане.
5. Езу, са злачынцамі разам *
    Ты прынародна быў пакараны, *
    Езу, мілы Пане.
6.  Езу, кпіны, здзекі жаўнераў *
     боль узмацнялі, пяклі Твае раны, *
     Езу, мілы Пане.
7.  Езу, на крыжы літасціва *
     злодзею ласку Ты даў паяднання, *
     Езу, мілы Пане.
8.  Езу, воцат з жоўцю змяшаны *
     далі Табе піць ў хвіліну канання, *
     Езу, мілы Пане.
9.  Езу, Ты знёс маўкліва пакуты, *
     каты не чулі Твайго наракання, *
     Езу, мілы Пане.
10. Езу, з крыжа вучнямі зняты, *
     у грабніцы Ты быў пахаваны, *
     Езу, мілы Пане.
 
Хвала,  пашана  нашаму  Пану *  за ўсе
знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні,
за  ўсе  мучэнні, *   за  наша з баўленне.
 
Размова душы з Маці Балеснай
1. Ах, я Маці нешчасліва, *
    ўжо цярпець не маю сілы, *
    на крыжы Мой любы Сын (х 2).
2.  О Марыя, боль Твой люты, *
     пад крыжом Твае пакуты, *
     я хачу дзяліць з Табой (х 2).
3.  Вось канае Мой Сыночак,
     закрывае Ён ўжо вочы, *
     Я канаю разам з Ім (х 2).
4.  Маці, страшнаю бядою *
     падзяліся Ты са мною, *
     дай і мне спазнаць Твой боль (х 2).
5.  Ох, не чую Сына мовы, *
     Ён схіліў на грудзі голаў, *
     Я на свеце ўжо адна (х 2).
6.  О, Марыя, Мукі Пана, *
     крыж, пакуты, боль і раны *
     буду ў сэрцы я насіць (х 2).
 
Напрыканцы:
     Які за нас цярпеў ад ранаў, * Езу Хрыстэ, *
     змілуйся над намі.