Толькі адзін раз Езус паказаўся людзям у поўні сваёй боскай хвалы. Але гэта была выключная сітуацыя. Вера павінна была прывесці да адкрыцця і пазнання боскасці Езуса, а не відавочныя доказы. Таму нават калі Езус аб’явіў сваю боскасць, зрабіў гэта адасоблена i толькі ў прысутнасці трох абраных сведкаў. Гэтыя веды, гэты ўспамін спатрэбіліся ім пазней, каб сведчыць, але, варта прызнаць, што да пэўнага часу і так гэта амаль што не было патрэбным. Толькі доказаў і ведаў пра боскасць Езуса не дастаткова. Толькі вера, прынятая ад Святога Духа, робіць чалавека моцным, трывалым і адважным.
Сцэна перамянення на гары Табор нібы з’яўляецца мадэллю і сімвалічным вобразам, які паказвае структуру акту веры. Пачатак і ініцыятыва веры належаць Богу. Гэта Езус забірае вучняў на вяршыню гары. Гэта Ён ведае мэту і бяспечны шлях да яе. Але гэта вучні самі павінны прайсці гэты шлях. У сонечны дзень шматкіламятровае ўзыходжанне на вяршыню гары павінна было каштаваць шматлікіх намаганняў. Чалавек павінен быць прыгатаваны зрабіць гэтыя намаганні ў дарозе да веры. Звязана з гэтым таксама пэўнае адасабленне, адыход у бок, аддаленне ад жыцця. Вера спее ў самотнасці і цішыні, па-за штодзённасцю. 
Kалі чалавек прыкладае намаганні, якія патрэбныя для веры, павінен і далей чакаць, пакуль Бог нанова ўдзеліць ласку і пакажа тое, у што мы павінны верыць. Вера па сваёй сутнасці засноўваецца на тым, што мы бачым тое, што рэальна нельга ўбачыць. Вера з’яўляецца нейкай заслонай, мрояй, раптоўным адкрыццём, захапленнем тым, што было нам дадзена на імгненне ўбачыць і зразумець. Не чакаем, што гэтая з’ява будзе мець нейкую натуральную форму, што можна будзе зафіксаваць на фотаздымку ці акрэсліць форму і памеры з’явы. Вера не з’яўляецца фізічнай з’явай, даступнай для аптычных прыладаў, але ўнутранай з’явай і духоўнай формай, якую можа ўбачыць толькі душа. 
Калі паспрабуем гэтую духоўную форму ўхапіць i неяк ўпісаць у памеры фізічнага свету, сваёй логікі і розуму, сустрэнуць нас перашкоды. З’явяцца нібы імгла, якая заслоніць нам відавочнасць таго, што яшчэ хвіліну  назад настолькі выразна бачылі. Канчаткова трэба будзе ізноў вярнуцца да жыцця, амаль што з пустымі рукамі і імглістымі ўспамінамі. Адзінае, што нам застаецца гэта гатоўнасць быць паслухмянымі і выкананне таго, што кажа Езус, а таксама адвага і воля даваць сведчанне пра тое, што нам было дадзена перажыць. Гэта будзе знак, што наша вера не з’яўляецца толькі ілюзіяй. Бо вера пазнаецца па плёнах, падобным чынам як у фізіцы, сіла пазнаецца па выніках.
 
Апрацавалі:
Анжаліка  Пілат 
кс. Лукаш Карасінскі SDS