Са старажытных часоў у Папялец адбывалася споведзь, а ў Вялікі чацвер — паяднанне праз прабачэнне з Богам і Касцёлам усіх тых, хто прыступіў у Папялец да споведзі. На працягу ўсяго посту адбывалася таксама катэхізацыя для тых, хто рыхтаваўся атрымаць сакрамэнт хросту (катэхумэнаў), прыступіць да Святой Камуніі і канфірмацыі. Напэўна, таму сёння існуе звычай парафіяльных рэкалекцый, злучаных з навукай і магчымасцю прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Такое патрабаванне Касцёл ставіць перад чалавекам таму, што адзін з касцёльных загадаў — «прынамсі раз у год прыступаць да сакрамэнту пакаяння». Гэтая споведзь з’яўляецца неабходнай умовай, каб святкаваць Вялікдзень у прымірэнні з Богам, сабой і бліжнім. Гэта духоўная падрыхтоўка да ўваскрасення Хрыста.