Ужо ў ІІІ стагоддзі біскупы асвячалі алей для здзяйснення сакрамэнтаў, але ў Вялікі чацвер пачалі рабіць гэта толькі пачынаючы з V–VI стст. Гэтая літургія цэлебруецца заўсёды ў катэдральным саборы раніцай у Вялікі чацвер, калі пастыр дыяцэзіі (біскуп ардынарый) кансэкруе алей хрызму — для ўдзялення сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі і пасвячэння (святарства), благаслаўляюць алей хворых — для ўдзялення сакрамэнту намашчэння хворых, а часам па жаданні біскупа асвячаецца і алей катэхуменаў. Гэтыя алеі пасля літургіі святары або прадстаўнікі парафій могуць узяць у свае парафіяльныя супольнасці. Таксама пасля 1970 года падчас гэтай літургіі біскупы і святары пачалі аднаўляць свае святарскія абяцанні, якія склалі ў дзень свайго святарскага пасвячэння.