Хрыстос уваскрос!
Сапраўды ўваскрос!

Дарагія парафіяне
і людзі добрай волі! 
Жадаю Вам такой веры і такого глыбокага сузірання на смерць і Уваскрасенне Езуса, што былі ў сведкаў, якія знаходзіліся побач. Прашу Вас, ідзіце і абвяшчайце сваім жыццём, што Ён сапраўды ўваскрос!

 

 

 

 

 

 

 

 

 

СПАМПАВАЦЬ АНКЕТУ

 
 
 
Святы Ірыней (памёр каля 202 г.) піша, што ў ягоны час звычай пасціць існаваў у Галіі: у гонар 40-дзённага посту Пана Езуса Хрыста быў наказаны 40-гадзінны пост (гэта значыць, што ён быў абавязковы ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу). У ІІІ ст. пост працягваецца ўжо цэлы тыдзень.
 
Нарэшце, на пачатку IV стагоддзя быў уведзены 40-дзённы пост у памяць посту  Хрыста. Упершыню ўзгадвае пра гэта св. Атаназій Александрыйскі ў пастырскім пасланні з нагоды Вялікадня 334 года. Там ён тлумачыць, як найлепшым чынам падрыхтаваць вернікаў да Вялікадня.
 
У IV ст. 40-дзённы пост ужо шырока практыкуецца. Гэта пацвярджае і св. Кірыл Ерузалемскі, калі піша ў сваіх катэхезах пра 40 дзён пакуты. 
 
На Усходзе пост працягваўся 8 тыдняў, аднак гэта было таму, што субота і нядзеля былі вызвалены ад яго. Таму да поўнай колькасці 40 дзён посту трэба было дадаць яшчэ некалькі дзён. У VI стагоддзі ў Рыме пост распачынаўся за шэсць тыдняў да Вялікадня. Тым не менш, за вылікам нядзелі, у якую ніколі не пасціліся, пост на самой справе працягваўся ўсяго 36 дзён. Такім чынам, у VII стагоддзі дададзены былі некалькі дзён і пачатак Вялікага посту быў прызначаны на Папяльцовую сераду. Нарэшце, сталая традыцыя распачынаць Вялікі пост у Папяльцовую сераду ўстанавілася ў традыцыі Каталіцкага Касцёла ў 1570 г. Пачынаючы ад папы Рыгора I Вялікага (памёр у 604 г.), фарміруецца «перадпосце». За тры тыдні перад Вялікім постам Касцёл уводзіў фіялетавы колер, колер пакуты і пакаяння, з малітваў і песняў былі выдалены радаснае «Алелюя». У 1248 годзе папа Інакенцій IV скараціў пост, устанавіўшы яго пачатак на Папялец. Перадпосце было свайго роду «сенцамі», увядзеннем у настрой Вялікага посту.
 
Літургічнай рэформай Другога Ватыканскага Сабору Перадпосце было адменена. Аднак на тэрыторыі Польшчы пост разам з Перадпосцем (усяго 70 дзён) захоўваўся ажно да XVIII стагоддзя, а ў некаторых мясцінах нават да ХІХ стагоддзя. 
 
Звычай пасыпання галавы попелам у знак жалобы і пакаяння, якім адзначаецца Папялец, вядомы ў многіх культурах і традыцыях, у тым ліку і ў Старажытным Егіпце, у арабаў і ў Грэцыі. У літургіі ён з’явіўся ў VIII стагоддзі. Першае сведчанне асвячэння попелу паходзіць з Х стагоддзя. У 1091 г. папа Урбан II абязаў увесці гэты звычай ва ўсім Каталіцкім Касцёле. У той жа час было ўстаноўлена, што попел, якім карыстаюцца для пасыпання галоваў вернікаў, павінен паходзіць з вербных (пальмовых) галінак, асвячоных у Пальмовую нядзелю ў мінулым годзе.
 
Папялец — у адпаведнасці з канонамі Кодэкса кананічнага права 1251–1252 гг. —  абавязвае да ўстрымання ад ужывання ў ежу мяса, а таксама да сціслага посту (трохразовае харчаванне, у якім толькі адзін раз — да сытасці). Устрымлівацца абавязваюцца асобы ад 14 гадоў і да канца жыцця. Да сціслага посту абавязваюцца ад 18 да 60 гадоў жыцця. Закон не накладае на вернікаў абавязку ўдзельнічаць у гэты дзень у Эўхарыстыі (хоць гэта звычайная практыка, якая не павінна быць адменена без важных прычын).
 
Традыцыі
 
Пасыпанне попелам у Папяльцовую сераду. У першых стагоддзях хрысціянства гэты знак выкарыстоўваўся ў якасці бачнага пачатку (часам доўгатэрміновага або праз усё жыццё) пакаяння пасля публічнай споведзі перад адпушчэннем грахоў. З VI да X стст. у Касцёле распаўсюдзілася практыка індывідуальнай споведзі, і гэты ўчынак як знак хуткаплыннага чалавечага існавання, смутку, шкадавання, неабходнасці перамянення і ачышчэння перад Вялікаднем пачалі ахвотна прымаць усе вернікі, якія ўдзельнічалі ў літургіі пачатку Вялікага посту.
 
Крыжовы шлях і  Галгофа. У раннім сярэднявеччы ў Іерусаліме спрабавалі адкрыць Крыжовы шлях Хрыста. Звычай пабожных перажыванняў Ягоных пакутаў увайшоў у ХІІ–ХІІІ стст. у Касцёл дзякуючы духоўнасці францішканаў і дамініканаў, а таксама  цыстэрцыянскіх містыкаў. Былі пабудаваны капліцы — у памяць стацый пакут Езуса; такім чынам ствараліся і Кальварыі.
 
Песні жальбы (і пасійныя казанні) — набажэнства, створанае на падабенства святарскай малітвы (Брэвіярыя). Песні жальбы ўзніклі ў Польшчы на пачатку ХVІІІ ст. (1707 г.). Першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. У хуткім часе гэтае набажэнства стала адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на нашай зямлі. Разважанне над пакутамі Хрыста ў Песнях жальбы спрыяе духу пакаяння, а перадусім мае на мэце служыць нашаму навяртанню. Яно складаецца з трох частак, элементамі якога з’яўляюцца «Натхненне» і тры малітвы. Кожная частка мае сваю ўласную мелодыю. З нагоды гэтага набажэнства часта прамаўляюцца спецыяльныя казанні — пасійныя пропаведзі (пра Муку Пана). 
 
Працэсія на Пальмовую нядзелю. Пачынаючы з IV стагоддзя, у Іерусаліме ўрачыста святкавалі нядзелю перад Вялікаднем, імкнучыся да таго, каб інсцэніраваць Евангелле. Гэты звычай быў прыняты ў Каталіцкім Касцёле ў ІХ стагоддзі. Сёння ў літургіі падчас працэсіі з вербамі падкрэсліваецца каштоўнасць жыцця ў ласцы і перамога Хрыста над смерцю. Галінкі вярбы, якія нясуць у гэты дзень у руках вернікі, сімвалізуюць абуджэнне, адраджэнне, спадзяванне на новы ўраджай і ўзрастанне. У Пальмовую нядзелю (Passion) разам злучаюцца радасць вызвалення і трагедыя граху, жыццё і смерць, любоў і здрада.
 
Благаслаўленне алею ў Вялікі чацвер. Ужо ў ІІІ стагоддзі біскупы асвячалі алей для здзяйснення сакрамэнтаў, але ў Вялікі чацвер пачалі рабіць гэта толькі пачынаючы з V–VI стст. Гэтая літургія цэлебруецца заўсёды ў катэдральным саборы раніцай у Вялікі чацвер, калі пастыр дыяцэзіі (біскуп ардынарый) кансэкруе алей хрызму — для ўдзялення сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі і пасвячэння (святарства), благаслаўляюць алей хворых — для ўдзялення сакрамэнту намашчэння хворых, а часам па жаданні біскупа асвячаецца і алей катэхуменаў. Гэтыя алеі пасля літургіі святары або прадстаўнікі парафій могуць узяць у свае парафіяльныя супольнасці. Таксама пасля 1970 года падчас гэтай літургіі біскупы і святары пачалі аднаўляць свае святарскія абяцанні, якія склалі ў дзень свайго святарскага пасвячэння.
 
Закрыццё крыжа. Ужо ў ХІІІ стагоддзі гэтая практыка была вядомай у Еўропе. Касцёлы былі багата ўпрыгожаныя крыжамі і часта таксама трыумфальнымі фігурамі (Валадара і Святара). Перад Вялікаднем гэтыя крыжы імкнуліся захіліць, каб увесці пакутны настрой сярод вернікаў. Сёння гэта сімвал пакутаў і поўнага знясілення Збаўцы на крыжы. Закрыццё крыжоў звычайна адбываецца ў пятую нядзелю Вялікага посту, і працягваецца гэта да ўрачыстай літургіі Вялікай пятніцы.
 
Рэкалекцыі і велікодная споведзь. Са старажытных часоў у Папялец адбывалася споведзь, а ў Вялікі чацвер — паяднанне праз прабачэнне з Богам і Касцёлам усіх тых, хто прыступіў у Папялец да споведзі. На працягу ўсяго посту адбывалася таксама катэхізацыя для тых, хто рыхтаваўся атрымаць сакрамэнт хросту (катэхумэнаў), прыступіць да Святой Камуніі і канфірмацыі. Напэўна, таму сёння існуе звычай парафіяльных рэкалекцый, злучаных з навукай і магчымасцю прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Такое патрабаванне Касцёл ставіць перад чалавекам таму, што адзін з касцёльных загадаў — «прынамсі раз у год прыступаць да сакрамэнту пакаяння». Гэтая споведзь з’яўляецца неабходнай умовай, каб святкаваць Вялікдзень у прымірэнні з Богам, сабой і бліжнім. Гэта духоўная падрыхтоўка да ўваскрасення Хрыста.
 
Прылады Вялікага посту:
 
Малітва — дазваляе нам выйсці на шлях сяброўства з Богам Збаўцам.
 
Пост і міласціна — вучаць быць свабоднымі ад людскіх прыхільнасцяў, абмяжоўваць сябе, вучаць любові, бескарыслівасці, устрыманасці, разважлівасці.
 
Пакаянне і навяртанне — уступаючы на шлях пакаяння, навяртання і жалю за грахі, чалавек распачынае працэс перамянення сябе на вобраз і падабенства свайго Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.
 
Хрост і Эўхарыстыя — дазваляюць аднавіць асабістыя адносіны з Богам, якія распачаліся ў запавеце хросту і ўвесь час трываюць і ўмацоўваюцца праз удзел у Эўхарыстыі і сакрамэнце пакаяння.
 
Мука Хрыста — я бяру свой крыж і іду ўслед за Езусам, таму што Ён крыніца свабоды, любові, настойлівасці і моцы навяртання.
 
А. Аляксандр Улас OFMConv

Дарагія Браты і Сёстры ва Уваскрослым Хрысце!

Весяліся і зямля, апрамененая ўзнёслым бляскам
Бо асвяціў цябе промень спрадвечнага Валадара.
Цэлы свет няхай адчуе, што вызваліўся ад цемры.
Старажытны гімн “Exsultet”

Запрашаем на біблейскія сустрэчы

Калі вы жадаеце няспынна пазнаваць Біблію і па-новаму акунацца ў словы Святога Пісання, калі жадаеце ўзмацняць і паглыбляць сваю веру, а таксама атрымліваць адказы на цікавячыя вас пытанні, то запрашаем на біблейскія сустрэчы.
Адбываюцца яны кожную нядзелю пасля святой Імшы на 11.00. На іх пад кіраўніцтвам кс. Уладзіміра Шыдлоўскага вернікам прапануецца паразважаць над нядзельным урыўкам з Евангелля, падзяліцца сваімі разважаннямі і адпаведна жыццёвым вопытам.
Парафіяльная канцэлярыя

У нашай парафіі вы можаце:

Прыняць сакрамэнт святога Хросту,

Ахрысціць сваіх дзяцей,

Прыняць сакрамэнт бежмавання,

Прыняць сакрамэнт Сужэнства,

Прыняць сакрамэнт намашчэння хворых,

Прыступіць да сакрамэнту святой споведзі,

РАСКЛАД НАБАЖЭНСТВАЎ

Кожны католік мае абавязак у нядзелю і абавязковыя святы ўдзельнічаць у святой Імшы – Эўхарыстыя

Расклад святых Імшаў у нашай парафіі ў нядзелю:
8.30 11.00 15:00 19.00

КАРОТКІ КАТЭХІЗІС

ПРА САКРАМЭНТ ЭЎХАРЫСТЫІ

93. Што такое Найсвяцейшы Сакрамэнт?
- Найсвяцейшы Сакрамэнт - гэта сапраўднае Цела і Кроў Езуса Хрыста ў постаці хлеба і віна.
94.  Хто прысутнічае ў Найсвяцейшым Сакрамэнце?
- У Найсвяцейшым Сакрамэнце прысутнічае жывы Езус Хрыстус.
95. Якія сакрамэнты ўстанавіў Езус Хрыстус падчас Апошняй Вячэры?
- Падчас Апошняй Вячэры Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і сакрамэнт пасвячэння.
96. Што здзяйсняе Езус падчас Ахвяры святой Імшы?
- У Ахвяры святой Імшы Езус ахвяруе сябе за нас свайму нябеснаму Айцу і корміць нас сваім Целам.
97.  Што такое святая Камунія?
- Святая Камунія - гэта прыняцце Цела і Крыві Езуса Хрыста ў постаці хлеба (часам - хлеба і віна).
98.  Што дае святая Камунія?
- Святая Камунія яднае нас з Езусам Хрыстом, а таксама з Айцом і Духам Святым. Яна ўмацоўвае ў нас любоў да Бога і бліжняга, памнажае ў нас асвячальную ласку і дае дзейсную ласку.
99. Хто можа прымаць святую Камунію?
- Кожны, хто знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі (не мае на душы цяжкага граху) і прагне з'яднацца з Езусам Хрыстом.
Go to top