На гэтым тыдні будзем перажываць успамін таямніц нашай веры – мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Для некаторых нашых парафіянаў гэтыя ўрачыстасці будуць незвычайнымі, бо яны прынялі рашэнне ўстрымацца ад наведвання касцёла ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Як у дамашніх умовах найлепш перажыць час Пасхальнага Трыдуума і Вялікадня? Прапануем некалькі парадаў.
 
Сваімі прапановамі з вернікамі дзеліцца пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS:
 
– Акрамя таго, што вернікі, якія застануцца дома, будуць удзельнічаць у трансляцыях святых Імшаў і набажэнстваў, раю ім яшчэ больш часу засяродзіцца на малітве. Напрыклад, дадаткова чытаць Евангеллі на гэтыя дні і разважаць іх. У Вялікі чацвер можна памаліцца за святароў, бо гэта дзень устанаўлення Эўхарыстыі. У Вялікую пятніцу можна на цэнтральным месцы ў доме паставіць крыж на стале і адараваць яго, разважаючы крыжовы шлях Хрыста, Яго Муку.
 
У Вялікую суботу можна паставіць у доме вялікую свечку як сімвал пасхалу, асвячаную ваду для акраплення дома і сям'і. Ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана традыцыйна сабрацца (наколькі гэта магчыма) за велікодным сняданкам, разам памаліцца, падзякаваць Богу за дар зямнога жыцця і магчымасць жыцця вечнага.
 
Варта памятаць, што калі не ходзім у касцёл, гэта не азначае, што перастаём маліцца. Наадварот: яшчэ больш часу прысвячаем разважанню над таямніцамі нашай веры і развіццю адносінаў з Богам.
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч