За некалькі дзён да ўрачыстасці Уваскрасення Хрыста хрысціяне перажываюць Вялікі чацвер, які сёлета ў католікаў выпадае на 2 красавіка. У гэты дзень узгадваецца Апошняя Вячэра, падчас якой Езус абмывае ногі вучням і ўстанаўлівае Эўхарыстыю і сакрамэнт святарства.
 
На ўспамін аб гэтых падзеях вернікі збіраюцца на вячэрнюю Імшу. У гэты дзень асаблівым чынам вернікі ўспамінаюць усіх кансэкраваных асобаў, а таксама моляцца  ў інтэнцыі новых святарскіх і законных пакліканняў. Асаблівым гэты дзень для браслаўскай парафіі з’яўляецца і таму, што тут сваю паслугу нясуць сёстры з Кангрэгацыі Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі.
 
У гаміліі ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд падкрэсліў, што сёння Хрыстус усіх нас запрашае на вячэру, Ён хоча радзяліць з намі хлеб і абмыць нам ногі. Жэст амывання ног кажа пра сапраўдную Божую любоў, якая выражаецца ў служэнні іншым. І да такой любові Бог запрашае кожнага з нас.
 
На заканчэнне літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў цямніцу, дзе трывала адарацыя вернікаў.
 
Больш падрабязна пра традыцыі Вялікага чацвярга чытайце тут >>>
 
тэкст: Святлана Жылевіч

фота: Ірына Гайдамовіч