Вялікая Пятніца напоўнена асаблівай цішынёй, разважаннямі, бо ў гэты дзень сам Хрыстос прынёс Сябе ў ахвяру за грахі ўсяго чалавецтва.
Святары ў гэты дзень апранаюць чырвонае адзенне, бо такі колер сімвалізуе любоў, якая перамагла на крыжы. Не ўжываюцца таксама і музычныя інструменты, званы, няма песні на ўваход. Усё адбываецца ў цішы. На самым пачатку святары ляжаць крыжом перад алтаром, а вернікі стаяць на каленах. 
Пра муку і смерць Хрыста нам падрабязна расказвае Святое Пісанне, таму літургія гэтага дня асабліва насычана адпаведнымі ўрыўкамі. У гэты дзень не адпраўляецца святая Імша, каб не перакрыць гэтае важнае здарэнне ў гісторыі збаўлення і ўсю ўвагу накіраваць на крыж. 
Кульмінацыйным момантам з’яўляецца адарацыя крыжа. Кожны мае магчымасць падыйсці да дрэва збаўлення і выказаць сваю павагу і ўдзячнасць.
Пасля адбываецца ўрачыстае перанясенне Цела Хрыста ў магілу і адарацыя. 
Тэкст:Анжаліка Пілат
Фота: Ірына Гайдамовіч