Літургіяй сённяшняга вечара распачалі Трыдыум Пасхальны – найважнейшыя дні ў літургічным годзе. Усё зямное жыццё Езуса Хрыста было накіравана да іх, бо ў гэтыя дні зрэалізавалася Яго самае вялікае жаданне – споўніць волю Айца.
У нашай парафіі Імша Вячэры Панскай распачалася а 19 гадзіне, на якой сабралася супольнасць Сальватарыянаў, Сясцёр Эўхарыстак і шматлікіх вернікаў. Святую Імшу ўзначаліў кс. Лукаш Карасіньскі. 
Касцёл быў запоўнены вернікамі, якія прыйшлі на Імшу, каб падзякаваць Богу за дар святарства сваіх душпастыраў і памаліцца аб святасці жыцця для іх. Вернікі, якія спрычыняюцца да агульнага святарства Хрыста праз хрост, сваёй малітвай атачаюць тых, хто быў выбраны для таго, каб рабіць святарства Хрыста бачным знакам прысутнасці Бога сярод свайго народа.
Вялікі чацвер – дзень, калі Касцёл дзякуе Богу за ласку святарства. 
Ксёндз пробашч Антоній Земба, звяртаючыся да святароў і вернікаў, адзначыў, што ў гэты дзень Касцёл успамінае ўстанаўленне двух сакрамэнтаў: Эўхарыстыі і пасвячэння, і як без святара няма Эўхарыстыі, так з Эўхарыстыі выплывае святарства. 
Ён павіншаваў з гэтым святам сваіх братоў у святарстве, а таксама звярнуўся са словамі віншавання да Сясцёр Эўхарыстак, якія сёння адзначаюць сваё галоўнае свята.
 
Браслаў, 17 кветня 2014 г.
Тэкст: С. Наталля SJE
Фота: Ірына Гайдамовіч