У гэты дзень, на знак вялікай павагі да крыжовай ахвяры Езуса Хрыста за грахі ўсяго свету, св. Імшы не цэлебруюцца. Гэта дзень глыбокай малітоўнай задумы і посту, у якім аддаецца пашана дрэву крыжа. 
З раніцы адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту пры цямніцы. Адпраўляецца ўрачысты Крыжовы шлях. Цэнтрам гэтага дня з’яўляецца літургія Мукі Пана.
 
Літургія складаецца з чатырох частак: літургіі слова, адарацыі крыжа і абраду Камуніі.
Літургія Слова. Першае чытанне ў Літургіі Слова – тэкст з Кнігі прарока Ісаі, дзе прарок кажа пра тое, што Месія будзе цярпець за людскія грахі. Аўтар Паслання да Габрэяў прыгадвае, што Хрысту вядомы чалавечы лёс, бо Ён сам быў жорстка выпрабаваны. Праз Яго паслухмянасць адбылося збаўленне свету, пра што згадвае Святое Евангелле. На заканчэнне літургіі слова святар моліцца словамі разбудаванай паўсюднай малітвы.
Адарацыя крыжа. Распачынаецца ўрачыстым адкрыццём крыжа, які быў закрыты заслонай з V Нядзелі Вялікага посту. Падчас гэтай часткі літургіі вернікі маюць магчымасць ушанаваць Хрыстовы крыж, праз яго ўцалаванне.
Камунія. Распачынаецца супольнай малітвай “Ойча наш”. У часе гэтай апошняй часткі літургіі не пераказваецца знак супакою. Камунія радзяляецца вернікам з кансэкраванага ў Вялікі чацвер Найсвяцейшага Сакраманту.
Перанясенне Найсвяцейшага Сакраманту. Пасля таго, як вернікі прынялі Найсвяцейшы Сакрамант, Ён пераносіцца да Гасподняга Гроба, падрыхтаванага пры бакавой капліцы. У гэтым месцы адбываецца Яго выстаўленне ў манстранцыі, накрытай празрыстым белым вэлюмам, як напамін пра саван, які ўкрываў цела Езуса.
У гэты дзень распачынаецца дзевяцідзённая Навэнна да Божай Mіласэрнасці.