Гэтая ноч, якая ахінула зямлю, — вялікая і святая.  У суботу а 22й гадзіне ў нашай браслаўскай парафіі распачалася вігілія Вялікай ночы, Пасхальная літургія Змёртвыхпаўстання — найвялікшае і найважнейшае свята Касцёла. Гэтая літургія мае ў сабе многа духоўнага багацця і сімволікі новага жыцця ў Хрысце: святло – слова – вада і вячэра. Гэтыя знакі складаюць галоўны змест чарговых частак літургіі Пасхальнай вігіліі.
 
 
Святая Імша распачалася літургіяй святла. Выходзячы ў цемру, чалавек адчувае небяспеку, нічога не бачыць, не бачыць другога чалавека, не бачыць выйсця, якога так шукае. У гэтую цемру, што пануе навокал і ў святыні, святар уносіць святло, запалены Пасхал і гэтая адна свечка ўсё асвятляе. Гэтым Святлом для свету, з’яўляецца Змёртвыхпаўсталы Хрыстос. Ён разагнаў цемру і змрок граху, Ён вядзе нас да выйсця. Менавіта гэты момант вельмі сагравае сэрцы людзей, бо запальваючы нашыя свечкі ад Пасхалу, напаўняемся Божым святлом і перадаём Хрыстовае святло іншым людзям.
 
 
Літургія слова даўжэйшая, чым заўсёды. Важна пачуць урыўкі са Старога Запавету, каб прыпомніць Божыя справы, якія Бог учыніў дзеля Свайго народу, дзеля нас. Нашыя парафіяне, моладзь і дзеці вельмі пастараліся, каб мы ўсім сэрцам і душой пачулі Божае слова. Пасля радаснага спеву “Аллелюя” і Евангелля наш пробашч — а. Станіслаў вельмі шчыра прамовіў гамілію.
 
 
Трэцяй часткай была літургія хросту. Пасля асвячэння вады з запаленымі свечкамі ўсе вернікі аднавілі абяцянні хросту, бо менавіта праз хрост мы сталіся злучыныя са Змёртвыхпаўсталым Панам.
 
 
 
Святая літургія завяршылася ўрачыстай Эўхарыстыяй і Рэзурэкцыйнай працэсіяй. Гэты малітоўны час стаўся гучным гімнам праслаўлення Бога, радасным спатканнем са Змёртвыхпаўсталым Езусам, Які дае нам жыццё, Які даруе нам вольнасць, Які запрашае нас да радасці. Ксёндз пробашч айцец Станіслаў падчас гаміліі звярнуўся да нас словамі: “Калі мы мужна ў сваёй штодзённасці будзем вызнаваць праўду веры — будзем разам з Ім жыць вечна ў Яго Валадарстве (…). Заахвочваю Вас сёння ад усяго сэрца, дарагія браты і сёстры, каб нам абудзіць у сваім сэрцы, у сваім жыцці гэтую глыбокую веру ў Змёртвыхпаўстанне Хрыста, бо толькі гэта дае нам надзею… Бо Хрыстос Уваскрос, Хрыстос перамог смерць, а мы Яго вучні, мы Яго вызнаўцы…”
 
 
Напрыканцы вельмі хочацца падзякаваць усім парафіянам за прыгажосць літургіі, бо менавіта вашыя ахвяраванні на кветкі, ваш час на рэпетыцыі спеву, вашая адкрытасць на чытанне Божага слова, вашая дапамога літургічнай паслугі пры алтары, удзел вашых дзяцей і моладзі ў працэсіі, вашая праца па ўборцы святыні, адным словам — ваш шчыры, усебаковы ўдзел у жыцці Касцёла ўзбагаціў супольнае святкаванне Хрыстовага Змёртвыхпаўстання.
 
Хрыстос Уваскрос! Аллелюя!
 
С. Наталля Арлянковіч SJE