Познім вечарам Вялікай суботы 20 верасня вернікі нашай парафіі сабраліся ў святыні на Пасхальную вігілію. Гэта літургія мае вельмі багаты і насычаны змест: пачынаецца з благаслаўлення агню і пасхалу, утрымлівае пашыраную літургію слова і абрад хросту, а завяршаецца ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла, якая абвяшчае ўваскрасенне Хрыста.
 
«Няма хвалы бех ахвяры, ‒ сцвердзіў на пачатку гаміліі ксёндз Станіслаў Мжыглуд. ‒ Што рабіў Хрыстус, калі прабываў у магіле? Вядома, у фізічным сэнсе, ‒ адпачываў, бо быў шабат, падобна як Бог пасля стварэння свету. У сэнсе духоўным ‒ далей працаваў. Усходні Касцёл навучае, што ў гэты час Хрыстус абвясціў добрую навіну духам, якія прабывалі ў цемры. Так і мы ў “Вызнанні веры” кажам, што Езус сышоў да адхлані. Кажучы інакш, гадзіна смерці Езуса звязана з аб’яўленнем Месіі ўсім памерлым. Пасля смерці мы адразу сустракаемся з Хрыстом. Пасха ‒ гэта пераход. Ёсць яшчэ адна Пасха, якая чакае кожнага з нас». 
 
«Мае дарагія! Змёртвыхпаўстанне Хрыста перамяніла маленькую групу вучняў Хрыста ў паўсюдны хрысціянскі Касцёл, які існуе па сённяшні дзень, а мы з’яўляемся яго часткай. У гэтую ноч, памяць пра якую мы сёння святкуем, свет перастаў быць пустым і пазбаўленым надзеі. Хрыстус нарадзіўся як чалавек, Хрыстус цярпеў як чалавек, Хрыстус памёр як чалавек, але змёртвыхпаўстаў як Бог. Каб і мы маглі калісьці змёртвыхпаўстаць», ‒ адзначыў ксёндз Станіслаў напрыканцы.
 
У гэтую ноч асабліва радасным было і тое, што праз сакрамэнт хросту да нашай супольнасці далучыўся дарослы мужчына. Дарэчы, у раннехрысціянскія часы толькі ў гэтую ноч хрысцілі новых вернікаў. 
 
Завершылася літургія ўрачыстай рэзурэкцыйнай працэсіяй вакол касцёла. Пад гукі званоў і велікодныя спевы вернікі абвесцілі іншым пра ўваскрасенне Хрыста і жыццё вечнае.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч
Святкаванне Вялікай ночы ўваскрасення Хрыста ч. 1
 
Святкаванне Вялікай ночы ўваскрасення Хрыста ч. 2