Згодна з традыцыяй, у Вялікую суботу ў нашай парафіі, як і ва ўсіх святынях Беларусі, адбываецца асвячэнне страваў, якія вернікі будуць спажываць у Вялікдзень. Касцёл, асвячаючы ежу, благаславіць тленны побыт, падкрэсліваючы тым самым годнасць цела, якое ў гэтыя дні (галоўным чынам у велікодны ранак) дасягнула несмяротнасці.
Асвячаць ежу на Вялікдзень ‒ вельмі распаўсюджаны звычай, вытокі якога сягаюць канца VII пачатку VIII ст. У велiкодным кошыку традыцыйна знаходзяцца: яйкi — сiмвал новага жыцця, звычайна фарбаваныя (г. зв. «крашанкі») або маляваныя (г. зв. «пiсанкi»); велiкоднае ягня з харугвай, якое сiмвалiзуе ахвярную смерць i ўваскрасенне Езуса Хрыста; соль — як сімвал «солi зямлi». Таксама традыцыйна асвячаюць хлеб, вяндлiны, святочнае печыва і асвячаецца вада.
 
У велікодны ранак сям’я спачатку чытае фрагмент з Евангелля паводле святога Яна 20, 1-18. Пасля бацька ці хтосьці са старэйшых узначальвае малітву падзякі Богу, а затым усе дзеляцца асвячоным яйкам (могуць складаць адзін аднаму пажаданні) і распачынаюць святочнае снеданне. 
 
Асвячэнне страваў на велікодны стол ‒ гэта прыгожая традыцыя. Аднак варта памятаць, што ў Вялікую суботу галоўнае ‒ знайсці час не толькі на гатаванне страваў і фарбаванне яек, а перш за ўсё на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў Гробе Пана і ўдзел у літургіі Пасхальнай вігіліі. 
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч
Фота Ірыны Гайдамовіч