У Вялікую пятніцу не цэлебруецца святая Імша. У гэты дзень вернікі нашай парафіі двойчы збіраліся на разважанне Крыжовага шляху, а ўвечары адбылася літургія Мукі Пана з адарацыяй святога Крыжа.
 
У гаміліі ксёндз Адам Квяткоўскі разважаў над словамі з Кнігі прарока Ісаі «Вось пашчасціць cлузе Майму». Шчаслівы cлуга ‒ гэта Хрыстус. «Пералік пакут шчаслівага cлугі Бога з Кнігі прарока Ісаі і вялікі, і цяжкі. Таму вельмі праўдападобна, што ніхто з нас тут прысутных не хацеў бы такога шчасця», ‒ адзначыў святар. 
 
«Якім чынам слуга Божы, Езус Хрыстус, вытрываў даканца на крыжы? Ён у садзе Аліўным маліўся: Ойча, калі ты можаш, адхілі ад Мяне гэты келіх, аднак не Мая, але Твая воля няхай споўніцца, ‒ разважаў ксёндз Адам. ‒  Браты і сёстры, сучасны свет вельмі часта кажа, што цярпенне і пакуты ‒ гэта рэха мінулага, а цяпер лічыцца багацце, улада і сіла. Ахвяра Хрыста на крыжы навучае, што цярпенне і пакуты маюць і будуць мець сэнс да канца жыцця». 
 
«Калі я, буду прасіць Бога аб ласцы несці крыж майго цярпення і пакуты, гэты крыж майго жыцця, у будучыні гэты крыж на сто працэнтаў будзе шчаслівы», ‒ дадаў святар. 
 
Завершылася літургія працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам да Гробу Пана. Яшчэ заўтра вернікі змогуць адараваць Хрыста ў грабніцы аж да Пасхальнай вігіліі. Заахвочваем знайсці час напрацягу суботы, каб памаліцца ля грабніцы і паразважаць над сваім жыццём, адносінамі з Богам і бліжнім. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч