У Вялікі чацвер хрысціяне ўзгадваюць дзень Апошняй Вячэры Паны, дзень, калі сам Бог устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і святарства. Таму  ў нашай супольнасці падчас святой Імшы асаблівым чынам моляцца не толькі за святароў, але і за сясцёр эўхарыстак, якія нясуць служэнне ў нашай парафіі.
 
Вялікі чацвер распачаў Пасхальны Трыдуум мукі і ўваскрасення Хрыста, які з’яўляецца кульмінацыяй літургічнага года. Літургіі ў гэтыя дні багатыя на сімволіку і абрады, і ўсё для таго, каб дапамагчы кожнаму верніку глыбока іх перажыць і ўсвядоміць ахвярную любоў Бога да чалавека. 
 
«Дарагія браты і сёстры! Пан Езус абмывае ногі сваім вучням. У тыя часы гэта была праца нявольнікаў. Абмывае і таму, пра каго ведае, што здрадзіць Яго і накіруе на смерць. Вось Бог укленчвае перад сваім стварэннем, каб яму служыць. Калі ж і мы ўрэшце зразумеем, што ёсць толькі адна дарога, каб быць вялікімі ‒ стаць на калены перад сваім бліжнім і дапамагаць яму?!», ‒ разважаў у пропаведзі ксёндз Станіслаў Мжыглуд.
 
«Эўхарыстыя ‒ гэта таямніца нашай веры. Літургію, якую кожны раз перажываем, гэта не гістарычны ўспамін падзей, якія адбыліся ў вячэрніку ў Вялікі чацвер, гэта кожны раз тая самая ахвяра, толькі ўжо бескрывавая. Езус Хрыстус застаўся сярод нас у Эўхарыстыі і чакае кожнага з нас, кожны дзень», ‒ працягваў пробашч і заахвочваў браць прыклад з Хрыста ў служэнні іншаму чалавеку. 
 
На заканчэнне Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі быў перанесены ў месца адарацыі, якое называецца цямніцай у памяць пра арышт Езуса і ноч, праведзеную Ім у вязніцы. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч