Днём у Вялікую суботу Каталіцкі Касцёл устрымліваецца ад здзяйснення Эўхарыстычнай ахвяры, але заахвочвае да адарацыі пры гробе Пана. І толькі ў 22 гадзіны вечара вернікі нашай парафіі сабраліся ў святыні на ўрачыстую літургію Пасхальнай вігіліі.
 
Пасхальная вігілія з’яўляецца найважнейшай і найбагацейшай формай літургічнай цэлебрацыі на працягу касцёльнага года: яна насычана сімволікай свету і агня, багатая на чытанні з Новага і Старога Заветаў, узгадвае сакрамэнт хросту ‒ усё для таго, каб кожны прысутны вернік нанова паверыў у тое, што «Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец сярод тых, якія заснулі. Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, гэтак праз Чалавека і ўваскрашэнне мёртвых. Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены. Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага» (1 Кар 15, 20–23).
 
«Сёння мы сабраліся вакол святла Хрыста, каб яшчэ раз свядома зрабіць выбар, каб адмовіцца ад праўд, кіруючых светам, укрытых у розных формах: панавання, эгаізму, сквапнасці, нянавісці, зайздрасці, гневу, неўмеркавання і ўсяго таго, чым карыстаецца «ўлада цемры». (…) Неабходна вялікая Божая дапамога, каб нам вытрымаць у святле Бога. Памятаючы падзеі Вялікай пятніцы, мы ведаем, як дорага каштуе даванне сведчання праўды, як дорага заплаціў за гэта Езус Хрыстус, але і ведаем, якая ўзнагарода чакае тых, хто вытрымае ў гэтым сведчанні». 
 
Завяршылася літургія ўрачыстай працэсіяй пад спевы радаснага «Алелюя!» Хрыстус жыве! Няхай перажытая намі літургія нанова адкрые наша жыццё на жывога Бога! І, як сведчылі гораду пра ўваскрасенне Хрыста падчас рэзурэкцыйнай працэсіі, так заставайцеся сведкамі жывога Бога ў сваіх сем’ях і на працы! 
 
Хрыстус Уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Святлана Жылевіч
фота: Ірына Гайдамовіч