У нашай парафіі асвячэнне велікодных страваў у Вялікую суботу адбываецца некалькі разоў на дзень, паколькі на гэты абрад збіраецца шмат вернікаў. Сапраўды, гэта прыгожая традыцыя ‒ асвяціць ежу для святочнага стала, за якім збярэцца ўся сям’я, каб разам радавацца ўваскросламу Хрысту.
Праўда, часам здаецца, што асвяціць яйкі прыходзіць больш людзей, чым удзельнічаюць у літургіях Пасхальнага Трыдуума. Хочацца верыць, што нашым парафіянам хапае веры і мудрасці, каб зразумець, што не яйка ‒ галоўнае ў гэтым свяце, не яно наблізіць нас да Бога і напоўніць жыццё дабром, але вера ў жывога Хрыста, якая немагчыма без глыбокага перажывання святочных літургій. 
Таму заахвочваем не толькі асвяціць ежу ў гэты дзень, але і затрымацца пры гробе Пана, каб нашае святкаванне мела хрысціянскі сэнс.
 
Крыху з гісторыі традыцыі асвячэння ежы (паводле Catholic.by):
Асвячэнне ежы ў Вялiкую суботу некалi адбывалася на шляхецкiх панадворках. Лiчылася неабходным асвяцiць усё, што будзе прысутнiчаць на святочным стале. Да панскага двара прыходзiлi са сваімi кошыкамi i залежныя сяляне, i дробная навакольная шляхта.
Паколькi ў кожнай парафii жыла далёка не адна заможная шляхецкая сям’я, гэта працэдура займала ў пробашчаў шмат часу, таму паступова яна была забаронена бiскупамi, і асвячэнне пачало адбывацца ў касцёлах.
Аднак яшчэ да вайны, асаблiва ў вясковых парафiях, у касцёл iмкнулiся па-ранейшаму прывезцi ў вялiкiх кошыках усё, што збiралiся выставiць дома на святочнае нядзельнае снеданне. Цяпер жа асвячаюць толькi выбраныя стравы.
У велiкодным кошыку традыцыйна знаходзяцца: яйкi — сiмвал новага жыцця, звычайна фарбаваныя (г. зв. «крашанкі») або маляваныя (г. зв. «пiсанкi»); велiкоднае ягня з харугвай, якое сiмвалiзуе ахвярную смерць i ўваскрасенне Езуса Хрыста; соль — як сімвал «солi зямлi». Таксама традыцыйна асвячаюць хлеб, вяндлiны, святочнае печыва і асвячаецца вада.
 
фота: Ірына Гайдамовіч