Наступіў дзень Вялікай пятніцы, у які Касцёл успамінае муку і смерць нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Сёння не цэлебруецца святая Імша, але вернікі сабраліся ў святыні на разважанне набажэнства Крыжовага шляху і перажыванне літургіі Мукі Пана.
 
Гэтыя набажэнствы, асабліва адарацыя крыжа падчас літургіі Мукі Пана, дазваляюць кожнаму верніку прысвяціць шмат часу ўласнаму, індывідуальнаму перажыванню падзей гэтага дня. Гэта час малітвы і разважання над словамі з Кнігі прарока Ісаі: «Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на яго ўсе нашыя правіны. Цяжка прыгнечаны, ён скарыўся і не адкрыў вуснаў сваіх. Маўчаў, як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх».
 
У літургіі слова чытаецца таксама ўрывак з Паслання да Габрэяў: «Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці дзякуючы таму, што выцерпеў. І будучы дасканалым, стаўся для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення».
 
Падчас гаміліі дапамагаў у разважаннях над падзеямі сённяшняга дня ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS. Пробашч неаднаразова нагадаў, што крыжовай ахвярай Сына Бог яшчэ раз кажа кожнаму з нас: ЛЮБЛЮ цябе. І справа тут не ў тым, што крыж Хрыста ўжо ўсё зрабіў замест нас. Але ў тым, што даў магчымасць сапраўднага жыцця, «магчымасць выйсці з пазіцыі наглядальніка да таго, хто дазваляе Хрысту аздаравіць сябе».
 
«Сёння неабходна паразмаўляць з Богам і шчыра адказаць сабе на пытанне: ці шукаю ў Ім толькі суцяшэнне, супакой, ці, можа, аднак хачу ісці за Ім? Менавіта такім. Не атрымаецца ўцячы ад гэтага пытання і наступстваў адказу», ‒ падкрэсліў ксёндз Станіслаў.
 
На завяршэнне літургіі ў сімвалічную грабніцу быў перанесены Найсвяцейшы Сакрамэнт, адарацыя якога будзе працягвацца цэлы дзень Вялікай суботы.
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч