У вечары Вялікага чацвярга вернікі нашай парафіі сабраліся на літургію, якую называюць Імшой Вячэры Пана. Сама назва паказвае, што ў гэтай літургічнай цэлебрацыі ўспамінаецца ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі і наказ Хрыста аб братняй любові, дадзены на Апошняй Вячэры.
Таму ў гаміліі ксёндз Адам Квяткоўскі SDS звярнуў увагу парафіянаў на важнасць устанаўлення Эўхарыстыі і нагадаў пра ўмовы, неабходныя для таго, каб наш удзел у святой Імшы быў плённым. Па-першае, гэта жывая вера ў прысутнасць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Таксама немагчыма плённа ўдзельнічаць у святой Імшы, калі жывём у стане цяжкога граху ці трываем у звычцы да паўсядзённага граху, ад якога не хочам вызваліцца. 
 
«Недахоп прабачэння сабе і іншым, гнеў, крыўда зачыняюць дзверы нашага сэрца перад Езусам (…)», ‒ дадаў ксёндз Адам.
Таксама, па словах святара, вельмі важна, каб удзельнічаючы ў святой Імшы, мы паверылі, што для Езуса, прысутнага з намі ў Эўхарыстыі, галоўная місія заключаецца ў вызваленні з грахоў, якія чыняць нас нявольнікамі.
 
«Толькі Езус, прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, можа здзейсніць цуд  і вызваліць чалавека з граху, каб ён жыў вольна», ‒ дадаў ксёндз Адам.
 
Завяршылася Імша працэсіяй да сімвалічнай цямніцы, якая нагадвае пра арышт Хрыста і ноч, праведзеную Ім у вязніцы. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту працягнецца заўтра да вячэрніх набажэнстваў, калі будзем перажываць літургію Мукі Пана.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч