Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! 
Кульмiнацыяй перажывання Пасхальнага трыдыўма з'яўляецца ноч Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста. Пасхальная Вігілія распачалася літургіяй святла, падчас якой адбылося асвячэнне агню, запальванне пасхалу і свечак вернікаў. Дзякуючы Святлу Хрыста мы пераходзім з цемры граху і смерці да святла новага жыцця.
Падчас гаміліі пробашч парафіі а. Станіслаў, які ўзначаліў святочнае набажэнства, звярнуў увагу вернікаў на тое, што ўсе ў Хрысте: радасць і боль, здароўе і хвароба, багацце і беднасць, мір і вайна, - мае сэнс. Таму чалавеку варта задумацца над сэнсам свайго ўласнага жыцця. Уваскрасенне Хрыста дае нам надзею на тое, што кожны, хто верыць у Яго, не памрэ, але будзе мець жыцце вечнае. 
Падчас літургіі ў гэтую ноч вернікі аднавілі ў сабе ласку святога Хросту, праз які кожны чалавек уваскрэсне ў Хрысце.
На прыканцы святочнага Набажэнства святары, сестры законныя і ўсе вернікі з запаленымі свечкамі з радасцю крочылі за ўваскрослым Хрыстом у рэзурэкцыйнай працэсіі, каб вызнаць веру ў Яго перамогу над грахом і смерцю, каб дзякаваць Уваскросламу Хрысту, прысутнаму сярод нас у Найсвяцейшым Сакрамэнце.
тэкст: Алена Піртань
фота: Ірынка Гайдамовіч