Уваскрасенне Хрыста – галоўнае хрысціянскае свята. Таму Пасхальны трыдыум у літургіі Касцёла вельмі насычаны. 
Пачынаецца ён літургіяй Вячэрніка Пана. У гэты дзень уся наша ўвага накіравана на Апошнюю Вячэру Хрыста са сваімі вучнямі. У сваіх малітвах асаблівым чынам дзякуем Богу за ўстанаўленне Эўхарыстыіі і сакрамэнту святарства. З гэтай нагоды Святары і Сёстры Эўхарысткі атрымалі сардэчныя віншаванні ад удзячных парафіян.
У канцы літургіі Найсвяцейшы сакрамэнт быў перанесены ў цямніцу, каля якой кожны мог трываць на асабістай малітве. Пэўнае хваляванне напаўняла сэрца кожнага верніка, бо ўжо на наступны дзень Езус стаў ахвярным Ягнём, каб вызваліць чалавека з няволі граху і смерці.
 
У літургіі Вялікай пятніцы галоўная ўвага скіроўваецца да пакут і смерці Хрыста на крыжы. Крыж - цэнтр літургіі і зацікаўлення вернікаў, перад якім становімся на калені.
Эўхарыстыя ў гэты дзень не адпраўляецца, чым падкрэсліваецца выключнасць Вялікай пятніцы і Ахвяры Хрыста на Галгофе.
Крыж, чырвоны колер літургічнага адзення, неўпрыгожаны алтар, спеў акапэла, выкарыстанне трашчотак – усё гэта падкрэслівае смутак па Збаўцы, які памёр на крыжы. 
У гэты дзень Касцёл падкрэслівае, што мы павінны шанаваць “дрэва крыжа, на якім вісела Збаўленне свету”.
На заканчэнне літургіі Найсвяцейшы сакрамэнт быў перанесены ў Гроб Пана. Літургія Вялікай пятніцы хоць і прасякнута смуткам і болем , але ўжо падрыхтоўвае вернікаў да ўваскрасення Хрыста. 
 
Вялікая субота — апошні дзень Пасхальнага трыдыума. Гэта дзень цішыні і адарацыі вернікамі Найсвяцейшага сакрамэнта, сімвалічна размешчанага ў Гробе Пана. 
На працягу дня вернікі мелі магчымасць не толькі памаліцца, але і асвяціць пасхальную ежу.
Урачыстая Эўхарыстыя, якая традыцыйна збірае шмат вернікаў, пачалася а 22-й гадзіне літургіяй святла. Адметным падчас святой Імшы з’яўляецца выкананне ўрачыстага  спеву “Exultet” – старадаўні хрысціянскі гімн апавядае нам пра пахвалу пасхальнай ахвяры Хрыста і сакрамэнту хросту, а таксама падзяку за ўваскрасенне Хрыста і вызваленне чалавецтва ад граху.
Чытанні і псальмы, якія гучаць падчас літургіі слова, паказваюць Божую задуму ў адносінах да чалавека ад моманту стварэння да моманту прыйсця Хрыста на зямлю. Пасля чытанняў са Старога Запавету, у суправаджэнні аргана,  усе заспявалі ўрачысты гімн “Хвала на вышынях Богу”,  а перад Евангеллем - урачыстае “Аллелюя!”
 
На заканчэнне Эўхарыстыі адбылася рэзурэкцыйная працэсія вакол святыні, мэтай якой з’яўляецца абвяшчэнне свету Добрай Навіны аб уваскрасенні Езуса.  
 
Хрыстос уваскрос!!!!
 
Тэкст Анжаліка Пілат
Фота Ірына Гайдамовіч
Вялікдзень 2016 (ч. I)

Вялікдзень 2016 (ч. II)