Вечарам у Вялікую пятніцу, 3 красавіка, у браслаўскім касцёле адбылася літургія Мукі Пана. Вялікая пятніца – адзіны дзень у годзе, калі не цэлебруецца Эўхарыстыя, але адбываецца багатая па змесце літургія Мукі Пана.

Вернікі ўзгадваюць Крыжовы шлях Хрыста і перажываюць Яго смерць.
На пачатку літургіі святары кладуцца перад алтаром тварам уніз, а вернікі моляцца на каленях, усведамляючы такім чынам сваю грэшнасць перад Богам. Падчас гэтай літургіі гучыць чытанне Мукі Пана, а таксама адбываецца адкрыццё крыжа, які быў на працягу Вялікага посту закрыты заслонай. Вернікі ўшаноўваюць Хрыстовы крыж, па чарзе падыходзячы да яго.
У гаміліі кс. Тадэвуш Дабравольскі заахвоціў вернікаў перажыць гэты дзень, гэтае набажэнства не розумам, а сэрцам. Зразумець, што, як напісанна ў сённяшнім чытанні, Хрыстус суперажывае нам у нашых бедах. Таму што Ён сам перажыў страшэнныя пакуты і ўкрыжаванне, як ніхто іншы суперажывае кожнаму чалавеку, раздзяляе нашыя пакуты і боль. І варта ў поўнай пакоры, будучы гатовым цалкам даверыць сваё жыццё Богу, падыйсці і ўшанаваць крыж Хрыста. Каб наш пацалунак не быў пацалункам Юды, але любячай асобы.
На заканчэнне літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў грабніцу, якая сімвалізуе тую, дзе знаходзіўся пасля смерці Езус.

 

Больш падрабязна пра традыцыі Вялікай пятніцы чытайце тут

 

Святлана Жылевіч

фота: Ірына Гайдамовіч