“Калі разам з Хрыстом паўсталі з мёртвых, шукайце таго, што ўгары…” Клс. 3,1
 
Паважаныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія дыяцэзіяне
 
“Хрыстос уваскрос! – сапраўды ўваскрос!” Няма больш радаснай весткі, якой чалавек мог бы падзяліцца з іншымі. І я маю вялікі гонар дзяліцца сёння з вамі гэтай радаснай навіной упершыню як ваш Біскуп. Раблю гэта з пачуццём радасці і адначасова вялікай адказнасці, якую прыняў на сябе, калі згадзіўся на прапанову Папы Францішка стаць Ардынарыем нашай Віцебскай дыяцэзіі. Паўтараючы словы Апостала Паўла, скажу, што ўчыніў гэта “ў немачы, са страхам і дрыжэннем вялікім”, спадзеючыся ўсё-такі “не на пераканаўчасць і мудрасць словаў, а на выяўленне Духа і моцы, каб і ваша вера не абапіралася на людскую мудрасць, але на магутнасць Божую (пар. 1Кар. 2,3-5).
 
 
Дарагія браты і сёстры!
 
 
Сёлетнюю Велікодную ўрачыстасць перажываем у 15-ты год існавання нашай дыяцэзіі. І гэта немалаважная нагода, каб прыгадаць сабе тую велізарную працу, якая была здзейснена за гэты час яе першым Ардынарыем, маім папярэднікам Біскупам Уладзіславам Бліном. Пачаўшы ад стварэння дыяцэзіяльнай структуры, якая сёння налічвае 11 дэканатаў і больш за 80 парафій; праз пабудову новых, асабліва ва ўсходняй частцы дыяцэзіі і рамонт ужо дзейных касцёлаў; праз стварэнне санктуарыяў, якіх сёння маем тры: у Браславе, Удзеле і Шуміліне; праз утварэнне розных касцельных структур і рухаў, а таксама праз шматлікія душпастырскія ініцыятывы быў дадзены вельмі моцны імпульс для абуджэння і адновы веры на тэрыторыі, моцна знішчанай у духоўным плане праз атэістычную сістэму. Няхай Бог адудзячыць Яго Эксцэленцыі за ўкладзеныя сілы, працу і сэрца дзеля падняцця гэтай “Духоўнай цаліны”!
 
 
Аднак жыццё не стаіць на месцы. І, ідучы наперад, ставіць перад чалавекам і Касцёлам новыя патрабаванні і заклікі. Накірунак жа, якога мы павінны трымацца, каб паспяхова вырашаць задачы, што паступова ўзнікаюць, вызначае нам сам Уваскрослы Езус, адказваючы Пятру, калі той у пэўным моманце запытаўся ў Яго пра лёс Яна: “Ты ідзі за Мной” (Ян 21,22). Таму адноўленыя праз саракадзённы пост, “уваскрослыя разам з Ім” да новага жыцця, паспрабуйма станоўча адказваць на гэты заклік Хрыста, “шукаючы таго, што ўгары”, як да гэтага заахвочвае нас Апостал Павел у пасланні да Каласянаў. Не толькі сёння, у гэты ўрачысты дзень, калі мы збіраемся разам як адзін Касцёл, але і ў шэрых буднях нашага штодзённага жыцця. Бо дзеля таго Хрыстос перамог зло, грэх і смерць, каб мы ўжо не блукалі ў поцемках і безнадзейнасці па гэтым свеце, але выразна бачылі мэту і сэнс свайго жыцця і ўпэўнена ішлі да яе ўжо тут паяднаныя з Уваскрослым Збаўцам.
 
 
Шаноўныя дыяцэзіяне!
 
 
Перажываючы Велікодную радасць, хачу падзяліцца з вамі тым, што чакае нас у гэтым годзе, і што, калі Усемагутны на тое дазволіць, зможам разам з вамі здзейсніць дзеля Ягонай славы і нашай духоўнай карысці.
 
Ужо ў бліжэйшую нядзелю, Нядзелю Божай Міласэрнасці – 27 красавіка, мы станем сведкамі ўрачыстасці з нагоды кананізацыі Слугаў Божых Папы Яна ХХІІІ і Папы Яна Паўла ІІ, якая пройдзе ў Рыме на плошчы Св. Пятра.
 
3 мая ў Браславе і 31 мая ў Віцебску адбудуцца Святарскія пасвячэнні. Касцёл атрымае трох новых святароў, таму ўжо зараз прашу атуліць іх сваёй малітвай!
 
Таксама 31 мая будзем дзякаваць Богу за 60 гадоў жыцця Яго Эксцэленцыі Біскупа Уладзіслава Бліна.
 
13 мая запрашаю ўсіх на Фацімскія ўрачыстасці ў Шуміліна.
З 21 па 22 мая ў Віцебску пройдзе Х Міжнародная канферэнцыя “Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце”.
21 чэрвеня адбудзецца ўжо традыцыйная працэсія Божага Цела па вуліцах Віцебска. Сардэчна запрашаю падтрымаць сваёй прысутнасцю і малітвай гэтае сведчанне веры ў Сэрцы нашай дыяцэзіі.
5 ліпеня – Будслаўская ўрачыстасць. Заахвочваю да арганізацыі і ўдзелу ў пілігрымках да нацыянальнага Санктуарыя Маці Божай.
Святкаванне 100-годдзя касцёлаў адбудзецца ў дзвюх парафіях: Ушачы – 10 жніўня і Відзы – 5 кастрычніка. Крыху раней, 13 ліпеня, у Параф’янаве касцёл адзначыць сваё 110 - годдзе.
2 жніўня – урачыстасці ў гонар Росіцкіх Мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.
7 – 9 жніўня – рэкалекцыі для моладзі ў Браславе.
22 – 23 жніўня - урачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў. Сардэчна запрашаю да нашага Дыяцэзіяльнага санктуарыя ў Браславе і заахвочваю да арганізавання пілігрымак!
24 – 28 жніўня - Х кінафестываль “Магніфікат”, юбілейныя пляцоўкі якога размесцяцца ў Глыбокім і Мінску.
11 кастрычніка ў Віцебску адбудзецца Кангрэс, прысвечаны Святому Ружанцу. Ён будзе праходзіць у межах Года Малітвы, каторы мы зараз перажываем у якасці першага ў падрыхтоўцы да святкавання 100 -годзя Фацімскіх аб’яўленняў, што будзем адзначаць у 2017 годзе. Тэмай кангрэсу будзе другая частка Святога Ружанца – частка Святла.
13 кастрычніка – урачыстая Святая Імша ў парафіях з гімнам “Te Deum…” як выраз удзячнасці Богу за 15 гадоў існавання Віцебскай дыяцэзіі.
 
 
Дарагія браты і сёстры!
 
 
Хачу выказаць шчырую падзяку ўсім, хто ўвесь гэты час прыкладаў вялікія намаганні, каб Касцёл на нашай зямлі мог зноў абудзіцца і расквітнець. Дзякую шаноўным святарам за трывалую паслугу пры Алтары і ў канфесіянале, асабліва падчас рэкалекцый і перадсвяточнай споведзі. Усім кансэкраваным асобам дзякую за дар малітвы і працы ў касцёлах і парафіяльных супольнасцях. Вам, дарагія вернікі, мая падзяка за малітву таксама і ў маёй інтэнцыі, што вельмі моцна адчуваю, і ў інтэнцыі святароў.
 
Таксама прагну выказаць сваю лучнасць з тымі, перад кім жыццё ставіць цяжкія выпрабаванні: хворымі, пазбаўленымі даху над галавой, вязнямі. Атуляю вас сваёй малітвай. Няхай Уваскрослы Хрыстос будзе для вас падтрымкай і крыніцай надзеі! Жадаю ўсім вам сапраўднага супакою, каб праз удзел у Пасхальнай таямніцы нашага Збаўцы мы змаглі пераадолець усялякія падзелы і непаразуменні. Святочнае яйка, якім падзеліцеся пры Велікодным стале, няхай будзе знакам еднасці, што становіцца магчымай для таго, хто па-сапраўднаму перажыў сваё навяртанне і паяднанне з Езусам. Няхай у кожным вашым сэрцы заўсёды пануе тая вялікая прага, з якой Велікоднай раніцай жанчыны ішлі да магілы, каб яшчэ раз убачыць Езуса, а спаткаўшы Яго Уваскрослым, трывалі ў непарыўнай сувязі з Ім праз усё сваё жыццё.
 
Радасных вам Велікодных Святаў, добрага настрою і непагаснай надзеі!
 
Ад шчырага сэрца далучаю сваё пастырскае блаславенне:
 
У Імя Айца, і Сына, і Духа Святога!
 
 
+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі