Апосталы з вялікай моцаю давалі 
сведчанне пра ўваскрасенне Пана 
Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку
Дз. 4,33
 
Умілаваныя ў Хрысце!
 
Перажываем час велікоднага праслаўлення Бога і радасна спяваем Алелюя! Езус Хрыстус Сын Божы праз сваю муку, смерць і ўваскрасенне перамагае грэх і руйнуе смяротныя брамы, зноў запальвае ў нашых сэрцах хрысціянскую Надзею.
 
Сёння імкнёмся зведаць Яго Уваскрасенне.
 
Шлях вяртання да Бога – гэта Любоў. Любоў Хрыстовага Крыжа, яго цярпення і смерці, Любоў, якая раіць папрасіць прабачэння і прымушае кожнаму працягнуць далонь. Любоў, якая накіроўвае да сакрамэнту Паяднання і Пакуты, Любоў, якая робіць нас іншымі, лепшымі, пераможцамі. “Бо кожны, хто прымае сваім сэрцам Божую праўду і вуснамі вызнае, што Езус Хрыстус “сапраўды памёр і ўваскрос” атрымае вялікую ласку…” і знойдзе святло на далейшай дарозе жыцця.
 
Гэтага Вам усім жадаю, шаноўныя Парафіяне і ўсе дарагія Госці!
 
Вестка аб уваскрасенні Пана Езуса перамяніла апосталаў і напоўніла іх вялікай радасцю. Няхай гэтая радасць напаўняе таксама і Вас. Няхай Супакой, які пасля свайго ўваскрасення абвясціў Хрыстос усяму свету, назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.
 
У гэтую велікодную раніцу, калі выявілася, што магіла Пана Езуса пустая, няхай адступяць Вашыя трывога і страх, няхай у штодзённай працы не будзе рэчаў немагчымых…
 
Станем жа вернымі і руплівымі сведкамі Уваскрослага Хрыста і пачнём будаваць “новую рэальнасць”, заснаваную на Праўдзе, Любові і Супакоі.
 
Жадаю здаровых, шчаслівых і дабраслаўлёных святаў Уваскрасення Пана.
 
кс. Станіслаў Мжыглуд SDS