Уваскрос, як абяцаў. Аллелюя!
 
Дарагія Сёстры і Браты ў Хрысце
Дарагія Парафіяне, Госці
 
Яшчэ не паспелі высахнуць слёзы і прыпыніцца плач з прычыны смерці Езуса, як абуджаецца нясмелы пробліск надзеі ў сэрцах вучняў. Вось яны прыслухоўваюцца да слоў жанчын, калі тыя вярнуліся ад пустога гробу Пана. Вешчуны добрай навіны  пераконваюць, што бачылі анёлаў, якія казалі: “няма Яго тут, уваскрос ... як абяцаў”.
 
Мы шчыра паверылі гэтым словам, а даючы сведчанне аб Уваскрослым, так перажываем сваё жыццё, каб  гэтая надзея ўспыхнула ў многіх чалавечых сэрцах, каб высахлі слёзы на вачах людзей сумных, церпячых, адзінокіх, пагарджаных, хворых, забытых і тых, якія  паміраюць.
 
Не бойцеся адчуваць Любоў Уваскрослага Хрыста, ня бойцеся жыць з Ёю кожны дзень,  старайцеся таксама аб Ёй  прасіць і змагацца за Яе.
Гледзячы разам з Марыяй на пустую грабніцу Езуса, на плашчаніцы, прытуляючыся да Яе Сэрца, будзьце людзьмі моцнай любові і непахіснай надзеі, грунтуючыся на трывалым падмурку, на Хрысце, які для нас перамог смерць і грэх.
 
Гледзячы на Святыя раны Боскага Збаўцы, будзем ўдзячныя за гэтую Ахвяру і Бясконцую Любоў, якую мы лепш разумеем у святле Уваскрасення.
 
Вучачыся ад святых, якія заўсёды ўглядаюцца ў Хрыста і Беззаганную Марыю, будзем наслядоўваць добрых настаўнікаў збаўленчай веры, святасці і ўваскрасення.
 
Няхай радасць Вялікадня напаўняе нашыя сэрцы Супакоем і Любоўю, а таксама заклікае ўзяць на сябе абавязак сведчыць пра Уваскрослага Хрыста, робіць нас дбайнымі апосталамі Праўды.
 
Благаслаўлёных Святаў Велікодных і багатых ласкаў Уваскрослага.
Памятаю пра Вас у малітве і дабраслаўляю моцаю Святарства Хрыста.
 
Са святам Вялікадня! Аллелюя
 
Кс. Станіслаў Мжыглуд SDS