Святкаванне ўрачыстасці Нараджэння Пана ў нашай парафіі распачалося апоўначы 25 снежня імшой-пастэркай. Як калісьці пастухі ўначы прыбеглі пакланіцца нованароджанаму Збаўцы, так сёння мы спяшаліся на гэтую прыгожую літургію, каб падзякаваць Богу за яго любоў да кожнага чалавека.
 
"Дарагія мае сёстры і браты! Спасылаючы ў свет Свайго Адзінароднага Сына, Бог такім чынам сказаў усяму чалавецтву: "Гэта найбольшае, што я магу вам ахвяраваць", - распачаў гамілію ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд. - Вялікая радасць напаўняе сёння сэрцы людзей ва ўсім свеце. У гэтую благаслаўлёную ноч Бог адорвае чалавецтва найкаштоўнейшым дарам. Нараджаючыся з Марыі, Сын Божы Езус Хрыстус становіцца адным з нас. Прыходзіць, каб нашай чалавечай мовай расказаць пра Бога, які ёсць любоўю. Прыходзіць, каб выявіць, што Усемагутны Бог неба і зямлі ёсць нашым Айцом, што любіць кожнага і прагне нашага шчасця. Прыходзіць, каб жывучы нашым людскім жыццём, навучыць, як мы павінны жыць, каб асягнуць шчасце ў небе".
 
Ксёндз Станіслаў заахвоціў вернікаў ахвяраваць Богу ў гэты момант саміх сябе, бо "Хрыстус нічога больш ад нас не чакае". Ахвяраваць сябе з усімі слабасцямі, недахопамі, грахамі, хваробамі, ахвяраваць свае сэрцы, напоўненыя верай і любою да Бога, добрымі ўчынкамі. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч