У перыяд святкавання Божага Нараджэння прынята сустракацца з роднымі і блізкімі, а таксама з асобамі самотнымі, каб дзяліцца радасцю і святочным настроем. У гэты час адбываюцца і аплатковыя сустрэчы ў розных парафіяльных супольнасцях.
 
Так 27 снежня калядная сустрэча адбылася для дарослых, якія наведваюць катэхезы ў кляштары сясцёр эўхарыстак. Распачаўся супольны вечар адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цішыні, а пасля была святочная сустрэча з пачастункам і спевам калядак разам з арганісткай Іннай Сапун. Сустрэчу наведаў таксама пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд. 
 
6 студзеня аплатковая сустрэча адбылася для груп Жывога Ружанца і святога Ружанца Яднання з Церпячым Хрыстом. А 7 студзеня ўдзельнікі руху «Маці ў малітве» запрасілі да сябе верніц гэтай супольнасці з Далёкіх, Відз, Пагошчы і Шаркаўшчыны. Жанчыны маліліся падчас святой Імшы, а затым сустрэча працягнулася дзяленнем аплаткай і малітвай у інтэнцыі дзяцей. Разам з маці маліўся ксёндз Адам Квяткоўскі.
 
Час Божага Нараджэння заахвочвае парафіянаў стаць бліжэй адзін да аднаго, разам, у супольнасці перажываць радасць святой ночы і быць наслядоўнікамі Хрыста ў сваіх сем’ях і ў нашым грамадстве. Падобныя сустрэчы спрыяюць таксама наладжванню сяброўскіх адносінаў паміж вернікамі. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: с. Ірына Папакуль SJE, Ірына Гайдамовіч, Аляксей Жылевіч