Удзень 31 снежня ў нашай парафіі адбылася святая Імша падзякі за перажыты 2019 год. Вернікі маліліся таксама аб Божым благаслаўленні на наступны год.
У гаміліі ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд SDS заахвоціў вернікаў зрабіць рахунак сумлення з пражытага года і задаць сабе некалькі пытанняў.
 
«Сёння, калі перажываем апошні дзень гэтага года, мы, хрысціяне, ставім сабе пытанні: ці ў гэтым годзе я быў чалавекам настойлівым у сваёй веры? Ці змагу я справіцца з выклікамі, якія ставіць мне Езус Хрыстус? Ці прыму іх  проста так, без умоваў, а з вялікай пакорай? Ці знайду ў сабе сілы жыць паводле Евангелля і навучання Касцёла? Ці не дам увесці сябе ў зман таму, што прачытаю ў інтэрнэце ці ўбачу па тэлебачанні, альбо тым людзям, якія ставяць чалавечы закон вышэй за Божы? Апошнія дні перад пачаткам новага года заўсёды напоўненыя рознымі клопатамі, рознымі справаздачамі, калі падлічваюць страты, вызначаюць галоўныя падзеі ў краіне і свеце. А мы, браты і сёстры, прыйшлі на святую Імшу, каб перад Богам зрабіць рахунак з таго, як мы перажылі гэты год. Ці памятаем мы, што сваім кожным словам, учынкам будуем сабе вечнае жыццё?» ‒ адзначыў пробашч.
 
Ксёндз Станіслаў заахвоціў шанаваць час, дараваны Богам, і выкарыстоўваць яго на ўчынкі любові да бліжняга і да Бога.
 
Святлана Жылевіч