У нядзелю 29 снежня Каталіцкі Касцёл адзначае Свята Святой Сям’і ‒ Езуса, Марыі і Юзафа. У гэты дзень падчас усіх святых Імшаў вернікі нашай парафіі маліліся за сем’і, а сужонкі аднаўлялі шлюбныя абяцанні.
 
У гаміліі падчас святой Імшы ў 11 гадзін ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд SDS звярнуў увагу вернікаў на неабходнасць наслядоўвання Святой Сям’і ў штодзённых сямейных справах.
«Хоць мы і не жывём у падобныя на тыя часы, не апранаемся так, як яны, не жывём так, як жыла Святая Сям’я, аднак мы можам наслядоўваць дух гэтай Святой Сям’і. Святая Сям’я адрознівалася перад усім любоўю да Бога і да другога чалавека. Гэтую любоў можам убачыць праз супольную малітву, супольны ўдзел у літургічных абрадах у святыні, у выконванні Божай волі ў штодзённым жыцці», ‒ адзначыў ксёндз Станіслаў.
 
«Дарагія браты і сёстры, перш за ўсё мы павінны клапаціцца пра тое, што злучае нашыя сем’і, а не пра тое, што раз’ядноўвае. Мы павінны не толькі браць штосьці ад сям’і, але і даваць; павінны думаць, якім чынам я магу яшчэ больш яе ўзбагаціць. Не крытыкаваць адзін аднаго, але добрым словам падтрымліваць. Лепш супольна памаліцца, чым казаць абразлівыя словы, лепш паразмаўляць, чым сварыцца. Лепш першаму сказаць словы прабачэння, чым чакаць іх ад іншых. Трэба нам сёння прасіць Святую Сям’ю аб благаслаўленні для кожнага з нас, каб у сваіх сем’ях мы стваралі атмасферу еднасці і любові», ‒ дадаў пробашч.
 
Пасля гаміліі сужонкі сталі парамі пасярод касцёла і ўрачыста аднавілі абяцанні, дадзеныя імі адзін аднаму пры шлюбе. Затым кожная пара разам з дзецьмі атрымала асабістае благаслаўленне.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч