Калядой беларускія католікі называюць душпастырскае наведванне сем’яў святаром. У Каталіцкім Касцёле да душпастырскага візіту святара абавязвае кананічнае права, якое прадпісвае наведванне сем’яў для пашырэння веры і аказання неабходнай духоўнай дапамогі.

Менавіта таму варта запрашаць святара ў свой дом кожны год. Падчас візіту адбываецца малітва, благаслаўленне сям’і і асвячэнне дома, а таксама размова са святаром.  

«Калі прыходзіць у наш дом святар ‒ гэта прыходзіць сам Езус і хоча благаславіць нас і асвяціць наш дом, ‒ адзначае пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд. ‒ Калі маем жывую веру і ведаем, што без Божага благаслаўлення нічога не можам, то не ўзнікне пытанне: запрашаць святара ці не. Бо Хрыстус хоча прыйсці да нас, у тое месца, дзе жывём, дзе, можа, маем праблемы, клопаты, цяжкасці, каб нанава благаславіць. Для таго, каб каляда прайшла з карысцю ‒ галоўнае мець жадаць прыняць Божае благаслаўленне, прыняць Хрыста ў свой дом у постаці святара. Важна таксама, каб былі прысутныя ўсе члены сям’і, каб разам маліцца. А пасля варта задаць святару цікавячыя ці праблемныя пытанні».

У нашай парафіі для таго, каб дом наведаў святар па калядзе, неабходна паведаміць пра ваша жаданне ксяндзам у сакрыстыі, назваць адрас, тэлефон і зручны для вас час. (Традыцыйна ёсць асоба, якая складае спісы па сваёй вуліцы. Але калі вы не ведаеце, хто гэтым у вас займаецца, то самастойна папрасіце святароў наведаць ваш дом). 

Да душпастырскага візіту неабходна падрыхтаваць у доме адпаведнае месца для малітвы: накрыты белым абрусам стол, на ім крыж, запаленая свечка, асвечаная вада і крапіла (калі няма святой вады, можна наліць звычайную і папрасіць святара асвяціць яе). Традыцыйна сем’і, якія наведвае святар, складаюць грашовае ахвяраванне. Кожны ахвяруе столькі, колькі можа і колькі лічыць неабходным. Ахвяраванні з каляды ідуць на ўтрыманне касцёла. Але адсутнасць грошаў у сям’і не павінна быць прычынай у адмаўленні прыняць святара. 

За два дні на мінулым тыдні святары ўжо паспелі наведаць некалькі вуліц. Не марудзьце і вы запрасіць святароў, каб усе сем’і нашай парафіі атрымалі Божае благаслаўленне ў сваіх дамах.