Спевам калядак і радаснымі ўсмешкамі напоўніўся наш касцёл у цудоўную ноч Божага Нараджэння. Многія парафіяне прыйшлі апоўначы на святую Імшу пастэрку, каб як найлепш перажыць гэтае вялікае свята.
 
Імша Пастэрка – гэта кульмінацыя святкавання Раства Хрыстова, якой папярэднічае вігілійная вячэра ў сямейным коле з дзяленнем аплаткамі і спевам калядак.
 
«Дарагія сёстры і браты! ‒ звярнуўся да прысутных пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд. ‒ Сённяшні святы вечар адзіны, калі сэрца веруючага чалавека б’ецца мацней. Вечар, калі бяром у рукі хлеб і дзелімся ім, абменьваемся пажаданнямі з тымі, з кім злучыла нас жыццё. Аплатка з’яўляецца знакам нашай адкрытасці, зычлівасці і дабрыні, сімвалам нашых найпрыгажэйшых, найбольшых скрытых імкненняў да спакою, да шчасця і ўзаемнай любові. З’яўляецца, нарэшце, вельмі сур’ёзным заклікам. Бо лёгка нам падзяліцца хлебам, але складана сэрцам і любоўю. Наш добры Бог спрадвеку дзяліўся з намі хлебам, даваў сонца, паветра, ваду, ураджай, ‒ усё, што патрабуем да жыцця. Аднак для Бога гэтага было яшчэ недастаткова. Наш добры Бог вырашыў падзяліцца з намі сваім сэрцам, сваёй любоўю. Так Бог палюбіў свет, што даў Сына свайго Адзінароднага. Мае дарагія, сённяшня ноч ‒ гэта ноч любові, ноч, у якую Бог дзеліцца з намі самым каштоўным з таго, што мае: сваім сэрцам, сваёй любоўю. І таму сёння не можа быць абыякавым ніводнае сэрца, якое спазнала Хрыста».
 
«Дарагія браты і сёстры! Напоўненыя радасцю прыйсця Божага Сына на гэты свет, няхай нашае сэрца напоўніцца надзеяй на тое, што і мы, калі запросім Хрыста да свайго жыцця, будзем кожны дзень перажываць Божае Нараджэнне ў нас саміх», ‒ заахвоціў ксёндз Станіслаў. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч