Шаноўныя парафіяне,
госці і ўсе, хто наведвае наш санктуарый 
Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе
 
Бэтлеемская ноч Божага Нараджэння збірае нас на святкаванні вялікай таямніцы любові. Спрадвечны Сын Божы, прыняўшы людскую натуру, як кожны чалавек, прыйшоў у свет маленькім дзіцём, што нарадзілася ад жанчыны, каб выратаваць нас.
 
Няхай гэтае сведчанне ўмацоўвае нас кожны дзень, пераконвае давяраць Богу ва ўсім: і ў здароўі, і ў хваробе, і ў радасці, і ў смутку, у тым, што прыходзіць лёгка і ў тым, што патрабуе шматлікіх намаганняў. Няхай беднасць і ўбоства Бэтлеемскай стайні, якое Бог абраў дзеля чалавека,  пакліча нас ісці за Ім, каб поўнасцю злучыцца і з’яднацца з Ім, Эмануілам - Богам з намі ...
 
У гэтай святочнай атмасферы і ў духоўнай еднасці дзялюся з Вамі белым аплаткам і выказваю шчырыя пажаданні.  Накіроўваю іх да ўсіх парафіянаў і гасцей, да асоб адзінокіх і да тых, хто жыве ў сям’і, да хворых і здаровых, да пажылых людзей і маладых. Няхай Пан Бог знойдзе ў кожным сэрцы, доме і сям'і месца для сябе, пашырыць уяўленне, каб змаглі прыняць Яго дар міласэрнасці і распазнаць Яго ў тых, праз каго кожны дзень Ён прыходзіць да нас. Няхай святло Бэтлеемскай зоркі будзе знакам на шляху да сапраўднага шчасця. 
 
Разам з вамі ў захапленні і з удзячнасцю стаю перад бязмежнай любоўю Бога, перад "Словам, якое сталася целам".
 
Ад усяго сэрца жадаю шчаслівых святаў Божага Нараджэння, здароўя і шчодрых дароў у кожны дзень новага 2020 года. 
 
кс. Станіслаў Мжыглуд SDS