У нядзелю 6 студзеня ў нашай парафіі адбылося каляднае свята для дзяцей, якое арганізавала парафіяльнае аддзяленне Міжнароднага дабрачыннага таварыства «Caritas». Па традыцыі на свята былі запрошаны не толькі дзеці з парафіі, але і дзеці з асаблівасцямі развіцця і са шматдзетных сем’яў.
 
Як адзначыла Тамара Пашкевіч, дырэктар парафіяльнага «Caritas», свята было арганізавана для таго, каб у духу Божага Нараджэння дзеці мелі магчымасць дзяліцца сваімі талентамі з іншымі. А ў прывітальным слове ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд падкрэсліў, што гэтае мерапрыемства ‒ яшчэ адна добрая нагода засяродзіцца над веліччу свята Божага Нараджэння і правесці час з карысцю. 
 
Для прысутных выступілі дзеці з урыўкам са спектаклю «Богу адкрый сваё сэрца»; танцам і спевам калядкі парадавалі таксама дзеткі, якія ходзяць на катэхезу для дашкольнікаў. Падзяліцца сваім талентам (праспяваць, прачытаць верш) мог кожны жадаючы. Завяршылася свята супольным спевам калядкі. 
 
Перыяд Божага Нараджэння асаблівы: вера ў нованароджанага Хрыста заахвочвае вернікаў да справаў дабрачыннасці, да таго, каб служыць Богу праз дабрыню і клопат пра іншых: пра дзяцей, састарэлых, самотных, хворых. Добры прыклад такога служэння паказваюць нам кіраўнік і валанцёры нашага парафіяльнага аддзялення міжнароднага дабрачыннага таварыства «Caritas». У перыяд Божага Нараджэння яны  наведалі педыятрычнае аддзяленне браслаўскай раённай бальніцы і паспявалі калядкі разам з маленькімі хворымі, а таксама разам з ксяндзом Адамам Квяткоўскім наведалі самотных асоб у іх дамах. Салодкія падарункі з нагоды Божага Нараджэння атрымалі таксама дзеці з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў і дзеці-інваліды, якія адносяцца да праекту «Дапамога на адлегласці», што рэалізуецца ў садружнасці з пражскім «Caritas».
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч