Штогод у Віцебску праходзіць дыяцэзіяльны конкурс-агляд пастановак дзяцей і моладзі на тэму Божага Нараджэння. Сёлета ён адбыўся 4 студзеня, а тэатральны калектыў нашай парафіі пад кіраўніцтвам Алены Каспаровіч заняў першае месца і атрымаў у падарунак сінтэзатар для парафіі.
 
Усяго у конкурсе батлеек прынялі ўдзел дзеці і моладзь з 12 парафій Віцебскай дыяцэзіі. За абмежаваны час усе хацелі з радасцю і любоўю, праз уласнае перажыванне і асэнсаванне распавесці пра гістарычную падзею нараджэння Езуса Хрыста і пра тое, як у наш час Бог нараджаецца ў сэрцах людзей. Так пастаноўка нашай парафіі пад назвай «Богу адкрый сваё сэрца» была не гісторыяй пра пастухоў і Святую сям’ю, а пра двух сучасных хлопчыкаў-сяброў, адзін з якіх верыў у Бога, а другі ‒ не. І вось аднойчы, напярэдадні свята Божага Нараджэння ўсё змянілася… Гэтая гісторыя заахвочвае маладых людзей прысвячаць больш часу вартым таго справам, і, канечне, памятаць пра Бога, які жадае шчасця кожнаму чалавеку.
 
Другое месца журы прысудзіла калектыву з Докшыц, а трэцяе ‒ з парафіі Святога Антонія з Віцебска. Мерапрыемства стала сапраўдным святам праслаўлення нованароджанага Збаўцы. Дзякуем маладым акцёрам нашай парафіі і спадарыні Алене за ўдзел у конкурсе і вялікую, але вельмі карысную працу. Няхай яна прынясе багаты духоўны плён!
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Аляксей Жылевіч