У апошні дзень 2018 года вернікі парафіі сабраліся на святую Імшу падзякі за атрыманыя ў гэтым годзе ласкі. А ўжо 1 студзеня парафіяне прыйшлі на літургію ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі, каб разам з Богам распачаць новы 2019 год.
«Адзін чалавек калісьці сказаў так: памятай пра пятую запаведзь ‒ не забівай час», ‒ распачаў гамілію ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд. ‒ Заканчэнне старога года і пачатак новага ‒ гэта магчымасць задумацца над усім тым, што ёсць у нашым жыцці. Стары год ужо скончыўся, час, які мінуў, ужо ніхто не зможа вярнуць. Што прынясе новы год, ‒ не ведаем, але адно мы ведаем дакладна: час на зямлі абмежаваны. Бог дае нам новы год, каб дарам, якім з'яўляецца час, мы карысталіся яшчэ лепш». 
 
«Кожны раз мы марнуем час, калі не хапае нам яго на малітву раніцай ці вечарам, калі не паглыбляем нашыя рэлігійныя веды (а павінны гэта рабіць), калі не маем час на добрыя справы, калі смяёмся з іншых, калі асуджаем, калі пляткарым. Бог даў нам час, каб мы яго добра выкарысталі. Каб мы развіваліся не толькі фізічна і інтэлектуальна, але і духоўна», ‒ працягваў пробашч і заахвочваў паразважаць над тым, ці сталі мы лепшымі за мінулы год, а таксама паставіць заданне на новы год.
 
«Святы Аўгустын казаў: “давер сваё мінулае Божай міласэрнасці, сучаснасць ‒ Божай любові, а сваю будучыню ‒ Божаму провіду”. Дарагія браты і сёстры, варта і нам так заўсёды і ўсё давяраць Богу, усё ахвяраваць Яму. Даверым будучы год Богу, і тады ён будзе мець сэнс і прынясе дабро нам і іншым», ‒ завершыў ксёндз Станіслаў.
 
Святлана Жылевіч