24 снежня ‒ вігілія ўрачыстасці Нараджэння Пана. Увечар каталіцкія сем’і традыцыйна збіраюцца за сталом, каб не проста пад’есці розных смакоццяў, але з верай, вялікай радасцю і паводле прыгожых традыцый перажыць свята Божага Нараджэння.
 
Вігілія завяршае перыяд Адвэнту. Само слова «вігілія» паходзіць з лацінскага «vigiliare» і азначае «чуваць». У Каталіцкім Касцёле так называюць дні, якія папярэднічаюць найважнейшым святам. 
 
З Ерусаліма з IV стагоддзя паходзіць звычай накіроўвацца познім вечарам у Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос. Там апоўначы адбывалася святая Імша, пасля якой вернікі вярталіся ў Ерусалім. Рэхам гэтай традыцыі з’яўляецца сённяшняя Імша, якае ў нашай парафіі распачынаецца апоўначы. Такую Імшу называюць «пастэркай», паколькі вернікі на ёй сабраны вакол Хрыста быццам пастухі, якія першымі прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Езусу. 
Аднак перш чым пайсці на гэтую Імшу або на іншую Імшу 25 снежня, у Беларусі прынята збірацца за вігілійнай вячэрай або куццёю. Куцця — гэта колішняя галоўная страва на вечаровым стале ў гэты дзень. Яе гатуюць з крупаў, дадаючы мёд і мак. Хоць цяпер няма абавязковых прадпісанняў адносна захавання посту і ўстрымання ад мяса ў гэты дзень, многія сем’і дагэтуль посцяць у вігілію Божага нараджэння, а таму ўсе справы на стале ‒ не мясныя. Гэта адметная беларуская традыцыя, якую варта захоўваць. Яшчэ адна традыцыя ‒ колькасць страваў: іх можа быць 12 як 12 апосталаў.
 
Згодна са звычаем, сям’я сядае за стол тады, калі на небе з’явіцца першая зорка. Гэта сімвалізуе тое, што зорка паказвала месца нараджэння Хрыста. Стол пажадана засцяліць белым абрусам, што нагадвае нам алтар у святыні і пялюшкі Езуса. Пад абрус прынята класці крыху сена, нагадваючы такім чынам аб тым, што Езус нарадзіўся не ў багатым палацы, але ў нястачы. У вігілійны вечар у нашым асяроддзі прынята пакідаць адну «дадатковую» талерку з прыборамі, каб быць гатовымі прыняць нечаканага госця і пазбегнуць памылкі тых, хто не змог знайсці ў свой час месца для цяжарнай Марыі.
 
Распачынаецца вячэра знакам крыжа і чытаннем урыўку з Евангелля паводле Лукі аб нараджэнні Езуса (Лк 2, 1-20).
 
Пасля прачытання ўрыўка з Евангелля сям’я дзеліцца аплаткай. Адламваючы невялікі кавалак ад аплаткі іншага чалавека, мы складаем адно аднаму найлепшыя пажаданні і просім прабачэння за ўчыненае зло. Затым можна ўжо і вячэраць. А пасля прысутныя спяваюць калядныя песні. 
 
Пры гэтым у доме могуць быць загадзя да вігілійнага вечара падрыхтаваныя ялінка і стаенка. Звычай прыбіраць цацкамі ялінку на свята Божага Нараджэння нарадзіўся ў Германіі, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Ялінка нагадвае нам пра райскае дрэва, а таксама пра дрэва жыцця. 
Жадаем, каб усе сем’і нашай парафіі са шчырай радасцю і клопатам пра бліжніх перажылі вігілійную вячэру, каб з пакорай і вясёлым спевам калядак прыйшлі пакланіцца Богу ў святыню! І каб не забылі ў гэты вечар пра самотных і хворых асобаў. Няхай сёлетняе свята Божага Нараджэння стане для вас пачаткам яшчэ лепшага пазнання Бога!