Калядой каталіцкія вернікі Беларусі называюць душпастырскае наведванне сем’яў, якое адбываецца у перыяд Божага Нараджэння. У нашай парафіі каляда ўжо распачалася. А ці будзеце вы сёлета запрашаць святара ў свой дом? І што неабходна ведаць, каб гэтая падзея прайшла з карысцю і для сям’і, і для святара, ‒ чытайце ў нашым матэрыяле.
Як адзначыў у размове ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд, штогод святары нашай парафіі наведваюць прыкладна 1200 дамоў (часам у доме жыве не адна, а некалькі сем’яў), але гэта не больш за палову колькасці вернікаў парафіі (да парафіі належаць жыхары Браслава і 10 маленькіх навакольных вёсак). Некаторыя вернікі запрашаюць не кожны год, некаторыя ўвогуле не запрашаюць святара ў свой дом. Чаму? 
 
«Напэўна, не ўсе з верай адносяцца да гэтай справы, ‒ разважае над гэтым пытаннем ксёндз Станіслаў. ‒ Бо калі прыходзіць у наш дом святар ‒ гэта прыходзіць сам Езус і хоча благаславіць нас і асвяціць наш дом. Калі маем жывую веру і ведаем, што без Божага благаслаўлення нічога не можам, то не ўзнікне пытанне: запрашаць святара ці не. Бо Хрыстус хоча прыйсці да нас, у тое месца, дзе жывём, дзе, можа, маем праблемы, клопаты, цяжкасці, каб нанава благаславіць. Для таго, каб каляда прайшла з карысцю  ‒ галоўнае мець жадаць прыняць Божае благаслаўленне, прыняць Хрыста ў свой дом у постаці святара. Важна таксама, каб былі прысутныя ўсе члены сям’і, каб разам маліцца. А пасля варта задаць святару цікавячыя ці праблемныя пытанні».
 
У нашай парафіі для таго, каб дом наведаў святар па калядзе, неабходна паведаміць пра ваша жаданне ксяндзам у сакрыстыі, назваць адрас, тэлефон і зручны для вас час. (Традыцыйна ёсць асоба, якая складае спісы па сваёй вуліцы. Але калі вы не ведаеце, хто гэтым у вас займаецца, то самастойна папрасіце святароў наведаць ваш дом). 
 
Да душпастырскага візіту неабходна падрыхтаваць у доме адпаведнае месца для малітвы: накрыты белым абрусам стол, крыж, запаленую свечку, асвечаную ваду і крапіла (калі няма святой вады, можна наліць звычайную і папрасіць святара асвяціць яе). Традыцыйна сем’і, якія наведвае святар, складаюць сваё грашовае ахвяраванне. Кожны ахвяруе столькі, колькі можа і колькі лічыць неабходным. Ахвяраванні з каляды ідуць на ўтрыманне касцёла. Але адсутнасць грошаў у сям’і не павінна быць прычынай у адмаўленні прыняць святара. 
 
 
Крыху з гісторыі
Традыцыя наведвання пастырам дамоў вернікаў сягае каранямі ў далёкае мінулае. Ужо ў раннім сярэднявеччы ў касцёльных дакументах можна знайсці згадкі душпастырскіх адведзін падчас свята Божага Нараджэння. Яны прадстаўляюць сабой форму непасрэднага кантакту пробашча з вернікамі ў вялікіх (у той час) па плошчы парафіях. Існуюць і нашмат старэйшыя доказы такой практыкі. У Евангеллі паводле св. Лукі гаворыцца, што Хрыстус наказаў сваім вучням ісці «ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці» (Лк 10, 1). 
 
Агульная інфармацыя
У Каталіцкім Касцёле да душпастырскага візіту святара абавязвае кананічнае права, у якім адзначаецца: «Пробашч павінен наведваць сем’і, раздзяляючы клопаты, а асабліва смутак і скруху вернікаў, суцяшаючы іх у Пану, а таксама разважліва настаўляючы іх, калі ў нечым зграшылі» (ККП, кан. 529 § l). Каляда — гэта перш за ўсё падзяка Богу за атрыманыя ласкі ў мінулым годзе і малітва аб апецы ў наступным, а таксама магчымасць асабістага знаёмства са святаром. 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч
(выкарыстана інфармацыя з сайта catholicnews.by)