У перыяд святкавання Божага Нараджэння ў нас праходзілі аплатковыя сустрэчы для розных парафіяльных груп. Так сустрэцца ў сямейнай атмасферы святкавання Раства Хрыстова пажадалі ўдзельнікі катэхезы для бацькоў, моладзь, члены групы "Маці ў малітве" і "Групы святога Ружанца яднання з церпячым Хрыстом".
Падчас гэтых сустрэч парафіяне чыталі ўрывак з Евангелля пра нараджэння Хрыста, маліліся, дзяліліся аплаткамі і складалі адно аднаму віншаванні, а таксама размаўлялі на духоўныя тэмы за кубкам гарбаты. 
Як распавядае Кінга Красіцкая на сайце "Слова Жыцця", традыцыя ламання аплаткай сягае каранямі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Першапачаткова яна не была звязана з Божым нараджэннем, а сімвалізавала духоўную еднасць членаў супольнасці. З часам на вігілійную святую Імшу вернікі сталі прыносіць хлеб, якім пасля благаслаўлення дзяліліся. Яго забіралі дадому для хворых ці тых, хто па розных прычынах не быў у касцёле, а таксама перасылалі родным і знаёмым. Нельга дакладна акрэсліць, калі на нашых землях умацавалася традыцыя дзяліцца аплаткай у вігілійны вечар. Вядома, што гэты звычай прыйшоў да нас з Польшчы, дзе самы старэйшы пісьмовы ўпамін пра такую практыку адносіцца да канца XVIII стагоддзя.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч, Аляксандр Анісько