4 студзеня ў Віцебску прайшоў конкурс батлеек. Сваю пастаноўку гледачам і журы прадэманстравалі і маладыя вернікі браслаўскай парафіі.
Усяго ўдзел у конкурсе прынялі 11 парафій. Варта адзначыць, што конкурс батлеек − гэта зусім не спаборніцтва ў традыцыйным разуменні. Як і ўсе мерапрыемствы, што адбываюцца ў перыяд святкавання Божага Нараджэння, перш за ўсё ён мае на мэце праслаўленне Бога праз мастацтва акцёрскай гульні, і тым самым дае магчымасць дзецям і моладзі адкрываць свае таленты і дзяліцца імі з іншымі. 
Усе выступленні абмежаваны ў часе. Таму неабходна было падабраць не толькі змястоўную па сэнсе пастаноўку, але і не доўгую па часе. У гэтым моладзі дапамаглі сёстры-эўхарысткі Ганна Мізавец і Аліцыя Буткевіч. Браслаўскія акцёры звярнулі ўвагу на, здавалася б, вядомыя рэчы: аб'яўленне пастухам Анёлаў, жорсткасць Ірада, радасць бэтлеемскай ночы. Але разам з тым унеслі ў гэтыя эпізоды "чалавечнасці" анёлам з іх свавольствамі, нагадалі пра звычайныя штодзённыя клопаты пастухоў і паказалі пяшчоту Марыі пра сваё нованароджанае дзіця.
Па выніках конкурсу браслаўская парафія заняла 2-е месца. А Яўген Кажаронак быў адзначаны дыпломам у намінацыі "лепшы артыст". 
Першае ж месца раздзялілі парафія з Докшыц і парафія Святога Антонія з Віцебска. Трэцяе месца журы прысудзіла калектывам з віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага і з Наваполацка.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч